The Rolling Stones выратавалі гурт Metallica ад распаду

Бубнач гурта Metallica Ларс Ульрых заявіў, што ў 2004 годзе, пасля выпуску альбома "St. Anger" і турнэ ў падтрымку гэтай плыты, калектыў апынуўся на мяжы распаду. Гурт выратаваў званок ад музыкаў з The Rolling Stones, якія прапанавалі Metallica разам сыграць на адной сцэне ў Сан-Францыска, паведамляецца на сайце Contacmusic.

Паводле слоў Ульрыха, пасля выхаду "St. Anger", даволі прахалодна сустрэтага крытыкамі, будучыня гурта была "даволі бязрадаснай", і бубнач Metallica маральна рыхтаваўся да працы па-за гуртом. Сітуацыю пагаршаў алкагалізм фронтмэна каманды Джэймса Хэтфілда, які быў змушаны прайсці курс лячэння ад алкагольнай залежнасці.

Да гэтага часу, дадаў Ульрых, турнэ ў падтрымку "St. Anger" ужо даўно завяршылася, і музыкі не бачыліся адно з адным некалькі месяцаў. Пасля званка ад The Rolling Stones удзельнікі Metallica вырашылі парэпетыраваць. Згодна са словамі бубнача гурта, музыкі сабраліся за пяць дзён да выступу з The Rolling Stones. "Не было ні здымачнай групы, ні прадзюсара, ні псіхіятра, ні абслуговага персанала, ні сядзелак. Былі проста чацвёра хлопцаў, і мы сталі граць музыку і рэпетыраваць", - заявіў Ульрых. "Нам не трэба было сядзець і размаўляць пра тое, што мы адчуваем, і падобнай бздуры. І усё гэта задало тон на наступныя тры гады, і гэта было выдатна", - прызнаўся ўдарнік Metallica.

Апошні студыйны альбом Metallica "Death Magnetic" увайшоў у дзясятку самых паспяховых альбомаў 2008 года згодна з версіяй Міжнароднай федэрацыі фанаграфічнай індустрыі (IFPI). У 2008 жа годзе гурт Metallica уключылі ў Залу славы рок-н-рола.

Фота: www.beaver-fa.livejournal.com