РПЦ “асадзіла” Філарэта, які прапанаваў рэгуляваць інтэрнэт

Прадстаўнік Рускай праваслаўнай царквы негатыўна выказаўся аб ідэі кантролю над інтэрнэтам. Так РПЦ адрэагавала на ініцыятыву мітрапаліта Філарэта, які заклікаў беларускія ўлады ўвесці “дзейснае рэгуляванне інтэрнэт-змесціва”, піша “Салідарнасць”.
Нагадаем, 27 сакавіка на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з чальцамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Філарэт прапанаваў абвясціць “крыжовы паход” супраць “брудных” рэсурсаў. Па меркаванні экзарха, неабходна скарыстацца кітайскім досведам фільтравання, каб абараніць грамадства ад амаральнай інфармацыі.

У адказ на гэта кіраўнік службы камунікацыі Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага патрыярхату, святар Міхаіл Пракапенка заявіў, што “цалкам спадзявацца на нейкія захады забароннага характару, датычныя да інтэрнэту, нельга, гэта ніколі ні да чаго не прывядзе”.

Замест забаронаў ён прапанаваў праводзіць у інтэрнэце “пропаведзь станоўчага ідэалу, прапаганду адказных паводзін, прычым прапаганду разумную, сучасную, якая фармавала б ў грамадстве нецярплівае стаўленне да заганы”.