Руслан Салей прыступіў да трэніровак

Добрая вестка прыйшла з Дэнвера напярэдадні Старога Новага года, піша інтэрнэт-газета "Салідарнасць". Абаронца "Каларада Эвеланш" і нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Руслан Салей пачаў трэніравацца. Нагадаем, што 1 снежня самаму вядомаму беларусу-НХЛаўцу зрабілі аперацыю з нагоды боляў у спіне, якія мучылі яго са жніўня і з-за якіх двойчы лепшы хакеіст Беларусі правёў у сёлетнім рэгулярным чэмпіянаце НХЛ толькі адзін матч — 8 кастрычніка ў гасцях супраць "Нэшвіла".

На працягу шасці тыдняў пасля аперацыі гульцу былі проціпаказаныя павышаныя нагрузкі. І вось на гэтым тыдні Салей ізноў прыступіў да трэніровак. Пакуль Руслан працуе толькі ў трэнажорнай зале — умацоўвае спіну, аднаўляе страчаную за час змушанай бяздзейнасці цягліцавую масу.