Рыгор Барадулін стаў “салонным” паэтам

Пасля цяжкой хваробы Барадуліна (узімку ён правёў больш за месяц у рэанімацыі Лечкамісіі са складаным запаленнем лёгкіх) — гэта першая значная сустрэча з чытачамі. Камерная прэзентацыя была ў Чырвоным касцёле, але праз дрэнную рэкламу многія даведаліся пра яе постфактум.

“Кніжны салон” — крама новая, але з цікавай перадгісторыяй. Кнігарню ўзначаліла Соф’я Жыбулеўская — легендарная дырэктарка, якая стварыла і шмат гадоў узначальвала “Акадэмкнігу”. У мінулым годзе кіраўніцтва Акадэміі Навук “аддзячыла” Соф’і Антонаўне — проста не працягнула кантракт. Паводле чутак — за залішнюю смеласць, прэзентацыі і аўтограф-сесіі “нячэсных” літаратараў. Аднак таленавітая дырэктарка доўга без працы не сядзела — і месяц таму мінчукі пацягнуліся ў “Кніжны салон”. Апроч уласна продажу кніг, у кнігарні будуць адбывацца рэгулярныя аўтограф-сесіі і сустрэчы найлепшых беларускіх творцаў з чытачамі .

Першая сустрэча адбылася ўчора — з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным. Кіраўніцтва кнігарні хвалявалася да апошняга — ці дазволіць здароўе дзядзьку Рыгору асабіста прысутнічаць на імпрэзе. Але Барадулін прыйшоў. І застаўся задаволены.

Рыгор Барадулін: "Практычна такой прэзентацыі, як гэтая, не было ніколі — гэта першая. Гэта выдатнейшая зала, выдатнейшыя супрацоўнікі. “Кніжны салон” — гэта будучыня нашай літаратуры! Калі будуць так развівацца — нарэшце людзі вернуцца да кнігі і, у першую чаргу, да роднай кнігі".

Нехта пажартаваў, што пасля выступу ў “Кніжным салоне” Рыгор Барадулін стаў “салонным” паэтам. Сам паэт аджартаваўся.

Рыгор Барадулін:
"Ну так, троху адчуў сябе “салонным паэтам”. Аж памаладзеў — адыходзячы, ажно забыўся свой кій!.."

Вёў імпрэзу паэт Міхась Скобла — маладзейшы сябар Барадуліна. Ён зладзіў незвычайную выставу — больш за 45 кніг Барадуліна з аўтографамі розных гадоў. Каб прынесці іх у кнігарню, спатрэбілася вялікая спартовая сумка!.. Пасля сканчэння імпрэзы спадар Міхась апавёў Еўрарадыё, як атрымаў свой першы ў жыцці аўтограф Барадуліна.



Міхась Скобла: "Гэта было дзесьці на апошнім курсе філфака, я насмеліўся падыйсці да Барадуліна. І настолькі быў здзіўлены! Гэта аўтограф быў напісаны вершам! “Маладым ад былых маладых /Пераходзіць законна права/ І на шышкі, й на пышкі, й на ўздых,/ Што не ўсё ў гэтым свеце цікава…/ І гэтак далей. Гэта мяне настолькі ўразіла — аказваецца, аўтографы можна пісаць і так! Бо незадоўга перад той сустрэчай з Барадуліным да нас на філфак прыходзіў Іван Шамякін, да яго выстраілася вялікая чарга. Іван Пятровіч не абцяжарваў сябе прыдумваннем кожнага разу нейкіх новых словаў. Ён проста распісваўся: “Іван Шамякін”. А тут — Барадулін напісаў адразу верш!.."

Дырэктарка “Кніжнага салону” Соф’я Жыбулеўская лічыць, што імпрэза Барадуліна ў іх кнігарні — вялікі гонар. Гэтая сустрэча задала планку, якой трэба трымацца.



Соф’я Жыбулеўская:
"Я працую ў кніжным гандлі многа гадоў, ужо недзе паўстагоддзя — ажно сама баюся гэтай лічбы!.. Лічу, што гэта ўзнагарода мне ад Бога — такое мерапрыемства сёння адбылося ў кнігарні! Я такога ніколі не адчувала, хаця працавала ў розных кнігарнях, і ў той жа “Акадэмкнізе”… Але такога ніколі не было. Сёння — незвычайная падзея, незвычайная!.."

У бліжэйшых планах кнігарні — сустрэча 1 чэрвеня з Уладзімірам Шчасным, старшынём Камітэту ЮНЭСКА ў Беларусі. На сустрэчы будзе прэзентаваная кніга спадара Шчаснага “Мастакі Парыжскай школы з Беларусі”. А на наступным тыдні мусіць адбыцца аўтограф-сесія і невялікі акустычны канцэрт Лявона Вольскага — у межах прэзентацыі дыску “Белая яблыня грому” на вершы беларускіх класікаў. Час пачатку ўсіх імпрэзаў абраны — 17.30.


Людзей было — не прадыхнуць!


Спявае Алесь Камоцкі


Выступае Генадзь Бураўкін


Рыгор Барадулін прачытаў некалькі сваіх вершаў...


...і цэлую гадзіну раздаваў аўтографы


Фота на памяць (злева направа): пісьменнік Анатоль Бутэвіч, дырэктарка Соф'я Жыбулеўская, спявак Алесь Камоцкі, жонка паэта Валянціна Барадуліна, Рыгор Барадулін, дачка Алеся Адамовіча Наталля, уладальніца кнігарні Ала Зміева, паэт Міхась Скобла, перакадчыца Наталля Давыдзенка.