С. Панькоўскі: У будучым Беларусь сама можа сыйсці з "Усходняга партнёрства"

Саміт Еўрасаюза ў пятніцу зацвердзіў план "Усходняе партнёрства", паводле якога прадугледжваецца стратэгічнае супрацоўніцтва з шасцю рэспублікамі былога СССР — Беларуссю, Украінай, Малдовай, Грузіяй, Арменіяй і Азербайджанам. Фармальнае ўступленне ў сілу новай праграмы адбудзецца 7 траўня ў Празе ў рамках адмысловай цырымоніі.  Палітолаг Сяргей Панькоўскі адзначае, што "Ўсходняе партнёрства", якое ініцыюць краіны ЕС, прадугледжвае ўключэнне шасці краін, у тым ліку і Беларусі, у зону яго палітычнага і эканамічнага ўплыву. Аднак афіцыйны Мінск, верагодна, будзе намагацца захаваць існуючую палітычную сістэму ў нязменным выглядзе. Таму, як мяркуе Панькоўскі, знаходжанне нашай краіны ва "Ўсходнім партнёрстве" можа быць нядоўгім:

"Нават калі Беларусь будзе ўключана ў гэтую праграму, то нельга выключыць, што ў далейшым яна застанецца па-за ёй. Г. зн. яна будзе вымушаная з яе сыйсці, альбо Беларусь можа быць з яе выключаная".


Безумоўна, значную ролю тут можа адыграць расійскі фактар. Сяргей Панькоўскі не выключае, што якраз наш усходні сусед і можа прывесці да аддалення афіцыйнага Мінску ад мяркуемых заходніх партнёраў:

"Вельмі цяжка прадказаць, якім чынам скажацца ўплыў Расіі, у тым ліку і на гэты працэс. Магчыма, Аляксандру Лукашэнку давядзецца ў большай ступені лічыцца з Расіяй, з яе палітычнымі пажаданнямі, чым ён меркаваў некаторы час назад".