Сацыёлагі дапамаглі беларусам перамагчы “чарнобыльскі сіндром”

Падчас апытанняў людзям не задаюць прамых пытанняў наконт АЭС. А ў прыхільнікі яе будаўніцтва запісваюць усіх, хто лічыць, што ядзерны рэактар вырашыць іх праблемы І прыхільнікаў з кожным годам робіцца ўсё больш і больш. Журналістка часопіса “Энергетыка і ТЭК” Святлана Шаблінская параўноўвае вынікі апытанняў, праведзеных Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі ў 2005 і ў канцы 2007 – пачатку 2008 г.:

Святлана Шаблінская: “Колькасць прыхільнікаў развіцця ў Беларусі ядзернай энергетыкі з 2005 г. павялічылася амаль удвая. На 2005 г. было 28,3%, а на канец 2007 г. – 54,8%”.

Дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Ігар Катляроў распавёў "Еўрарадыё", што агучаная нядаўна лічба ў 66,6% – прыкладная. Але сапраўдная:

Ігар Катляроў: “Мы здзейснілі некалькі даследванняў. Па розных падліках, 2/3, ці 66,6% – гэта сапраўдная лічба. Таму што ў адных выпадках 63,2%, у іншых – 64%. І магчымая сацыялагічная памылка”.

З канца 2007 года стаўленне да АЭС змянілася нязначна: ў прыхільнікі яе будаўніцтва запісалася яшчэ 10% беларусаў. Атрымліваецца, што паводле афіцыйнай статыстыкі, прыязнае стаўленне да атамнай энэргетыкі вярнулася ў нашу краіну якраз у 20-я ўгодкі аварыі на Чарнобыльскай АЭС і... Адразу пасля таго, як рашэнне аб будаўніцтве ўласнага рэактара прынялі беларускія ўлады!

А вось апытанне, праведзенае ўвесну 2007 года незалежнай лабараторыяй НОВАК, прынесла вынікі, адрозныя ад звестак Інстытута сацыялогіі. Будаўніцтва АЭС падтрымала толькі траціна беларусаў, у той час як супраць выказалася 53%.

Шмат што залежыць ад таго, на якое менавіта пытанне адказваюць людзі. Працягвае Святлана Шаблінская:

Святлана Шаблінская: “Калі, напрыклад, правесці сацыялагічнае апытанне, і адно з пытанняў сфармуляваць прыкладна так: “Як вы лічыце, ці паспрыяе будаўніцтва АЭС ў пэўным рэгіёне яго развіццю?” – ўсе адкажуць “Так”, бо гэта так і ёсць. А з гэтага “Так” можна зрабіць выснову, што большасць насельніцтва – за будаўніцтва АЭС”.

Па словах Ігара Катлярова, беларусам задавалі менавіта такія, “ускосныя” пытанні:

Ігар Катляроў: “Мы пыталіся, ці вырашыць будаўніцтва АЭС праблему імпарта энергарэсурсаў, ці вырашыць праблему канкурэнтназдольнасці беларускіх тавараў. І ўсе людзі кажуць, што ў пэўнай ступені гэтыя праблемы будуць вырашаныя. Беспрацоўе і г.д.”.

Адказы, што называецца, спраўдзілі чаканні сацыёлагаў. Ніжэй мы змясцілі табліцу, з якой бачна, як змянялася стаўленне беларусаў да атамнай энергіі і будаўніцтва АЭС. У сярэдзіне 2005 года за ўласны рэактар выказалася 28,3% беларусаў, і гэта самы нізкі паказчык за ўвесь час назіранняў.Але праз тры гады сітуацыя змянілася кардынальна.

Час даследвання
Ухвалілі будаўніцтва АЭС
Крыніца
Жнівень – верасень 1995 г.
40,9%
Канцэрн “Белэнэрга”
 Верасень – лістапад 1997 г. 33,8% Канцэрн “Белэнэрга”
 Восень 1998 г. 33,3% Канцэрн “Белэнэрга”
 Сярэдзіна 2005 г. 28,3 % ІС НАН
 Сярэдзіна 2006 г. 28,8% ІС НАН
 Вясна 2007 г. 32% НОВАК
 Снежань 2007 г. – люты 2008 г. 54,8%ІС НАН
 Восень 2008 г. 49% гатовыя “скінуцца” на АЭС ІС НАН
 Восень 2009 г. ~2/3 ІС НАН

Ігар Катляроў лічыць, што грамадская думка змяняецца пад уплывам шэрагу аб’ектыўных фактараў. Гэта, найперш, крызіс, праз які беларусы пачалі задумывацца пра перавагі атамнай энергіі. А па-другое – шчыльнае абмеркаванне будаўніцтва АЭС, што падштурхоўвае людзей да перагляду паслячарнобыльскіх перакананняў.

Ігар Катляроў: “Калі змяняецца сітуацыя, змяняюцца аспекты, прыходзіць новае пакаленне, што па-іншаму ставіцца да ўсіх інавацый – палітычных, эканамічных, тэхнічных – яно па-іншаму пачынае думаць”.

Святлана Шаблінская мяркуе, што вялікую ролю ў змене стаўлення людзей да атамнай энергіі адыграў тон, у якім “абмяркоўваюць” яе будаўніцтва дзяржаўныя АЭС СМІ, што ў рэгіёнах дамінуюць. Другі важкі фактар – гэта хуткія перспектывы, якія дае людзям АЭС. Будаўніцтва станцыі дасць жыхарам Астравецкага раёна працу, жыхарам Гродзенскай вобласці – новую аўтатрасу і чыгунку...

Святлана Шаблінская: “У Астраўцы будуюцца два дамы. І тамтэйшыя спадзяюцца, што АЭС пабудаваная не будзе, а жытло – няхай сабе яно і будуецца пад маркай АЭС – застанецца мясцовым жыхарам.

Там ужо распачаўся рух, і людзі гэта бачаць. І гэта таксама ўплывае на іх меркаванне. Незалежна ад таго, за АЭС яны ці супраць – будаўніцтва, няхай і павольна, але ідзе”.

Чытайце таксама:

Як Астравецкая АЭС паўплывае на лес, раку, паветра?

Ад Астравецкай АЭС могуць застацца толькі два дамы?


Працаваць на беларускай АЭС будуць "троечнікі"

У Астравецкім раёне прайшлі акцыі супраць будаўніцтва АЭС (фота)

За 2 графіці “Не АЭС” маладзёнаў прымушаюць аплаціць рамонт усіх будынкаў

Праектоўшчыкі беларускай АЭС лічаць небяспечнай пры аварыі зону ў 3 км