Samsung спыніў продаж Galaxy Note 7
Кампанія Samsung аб'явіла пра спыненне продажу новай мадэлі свайго смартфона Galaxy Note (ён з'явіўся ў жніўні і мусіў стаць асноўным канкурэнтам iPhone 7 кампаніі Apple). Прычына — паведамленні пра ўзгаранні прыстасаванняў нават пасля іх рамонту. Кампанія заклікала спажыўцоў, якія ўжо набылі новую мадэль, не карыстацца ёй і адключыць сілкаванне, пакуль спецыялісты спрабуюць разабрацца ў прычынах браку, інфармуе "Бі-Бі-Сі".
Адзначаецца, што вядома, як мінімум, пра два выпадкі ўзгарання Galaxy Note 7, якія спажыўцы атрымалі замест дэфектыўных. Справа ў тым, што ў верасні Samsung адклікаў Galaxy Note 7, а пасля запэўніў, што пасля ўнесеных выпраўленняў карыстацца смартфонамі стала бяспечна. Што, аднак, не пацвердзілася.
Скандал са смартфонамі ўжо прывёў да падзення капіталізацыі карэйскай кампаніі. Эксперты мяркуюць, што апошнія падзеі могуць негатыўна адбіцца на ступені даверу спажыўцоў да прадукцыі Samsung.