Савецкую сталоўку адкрылі ў Паставах (фота)

Сталоўка аформлена ў стылі савецкіх часоў: на сценах вісяць плакаты той эпохі, партрэты правадыроў. Належыць яна Пастаўскаму спажывецкаму таварыству.

Як паведаміла супрацоўніца гэтай установы, у дзень тут бывае звыш пяцідзесяці наведвальнікаў. Спраўляюць тут таксама карпаратывы. Асаблівай папулярнасцю карыстаецца сталоўка ў адстаўных афіцэраў, якіх у Паставах шмат, бо за часамі СССР тут размяшчаліся ракетная і авіяцыйная часткі.

Комплексны абед каштуе тут прыкладна 30 тысяч рублёў, што і прыцягвае наведвальнікаў. У кнізе скаргаў пакуль амаль няма заўваг і прапаноў, але ў адным з апошніх запісаў наведвальнік прапануе гатаваць “цыпіліны і дранікі з мясам”. Заканчваецца ж прапанова так: “ Калі хочацца жэрці, то давайце жэрці ў вас”. І ўнізе рэзалюцыя начальства: “Принято к сведению”.