Савет Рэспублікі аднагалосна ўхваліў законапраект аб амністыі

16 лістапада Савет Рэспублікі ўхваліў праект закона "Аб амністыі некаторых катэгорый асоб, якія ўчынілі злачынства". Ён быў прадстаўлены ў парламент прэзідэнтам і прыняты Палатай прадстаўнікоў 24 кастрычніка.
За ўхвалу законапраекта прагаласавалі ўсе 43 парламентарыі, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні. З 1994 года амністыя ў Беларусі праводзіцца сёмы раз. Плануецца, што сума зэканомленых сродкаў складзе каля 2 мільярдаў рублёў на працягу года.

У адпаведнасці з законапраектам амністыя ўпершыню будзе распаўсюджвацца толькі на дзве катэгорыі грамадзян. Першая — асуджаныя (раней пад амністыю траплялі таксама асобы, крымінальныя справы ў дачыненні да якіх знаходзяцца ў вытворчасці). Другая — асобы, якія поўнасцю кампенсавалі прычынены злачынствамі ўрон, што належыць спагнанню з іх па ўступіўшых у законную сілу прыгаворы або іншым рашэнні суда.

Амністыя не распаўсюджваецца на асоб, да якіх раней прымяняліся амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства; якія злосна парушаюць устаноўлены парадак падчас адбывання пакарання; дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў; якім смяротнае пакаранне ў парадку памілавання заменена пажыццёвым зняволеннем або пажыццёвае зняволенне заменена пазбаўленнем волі; прыгавораных да пажыццёвага зняволення; асуджаных за стварэнне злачыннай арганізацыі або ўдзел у ёй або за бандытызм; аб'яўленых у вышук у сувязі з ухіленнем ад адбывання пакарання.

У выніку амністыі ад адбывання пакарання можа быць вызвалена 3.512 асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 1.682.

БелаПАН