Селін Дыён прызналі горшым выканаўцам кавераў

Кавер-версію вядомай песні аўстралійскага рок-гурта AC/DC "You Shook Me All Night Long" у выкананні Селін Дыён прызналі горшай пераспяванай кампазіцыяй па версіі музычнага часопіса Total Guitar. Другое месца ў спісе горшых кавераў на вядомыя хіты было прысуджанае поп-гурту Sugababes, які паспрабаваў па-свойму інтэрпрэтаваць кампазіцыю Aerosmith "Walk This Way".

Аднак, выданне не абмежавалася толькі спісам горшых пераспяваных кампазіцый, таксама ён склаў рэйтынг лепшых кавераў. У гэтым рэйтынгу лідзіруе хіт Джымі Хендрыкса "All Along The Watchtower", аўтарства арыгінальнай версіі якога належыць Бобу Дзілану.

Акрамя таго, у спісе таксама фігуруюць такія вядомыя кампазіцыі, як бітлоўская "Twist and Shout", якую ўпершыню выканалі Top Notes, а таксама "The Man Who Sold the World", якую прыдумаў Дэвід Боўі, а пераспяваў Курт Кабэйн з Nirvana.

Як адзначае Total Guitar, "некаторыя песні настолькі добрыя, што лепш за ўсё пакінуць іх у спакоі".

У той жа час адзін з рэдактараў выдання Стывен Лаўсан выказаў сваю задаволенасць тым фактам, што ў спісе лепшых кавераў па-ранейшаму лідзіруе Джымі Хендрыкс. Маўляў, ён "вельмі рады, што Джымі як і заўсёды лепшы за ўсіх. А кавер Селін Дыён гэта нейкі здзек".

Фота: www.abc.net.au