Сельская гаспадарка Беларусі перайшла на "каляровае" паліва

Пераймаючы сусветны досвед, у Беларусі бензін для сельгасвытворчасці цяпер фарбуюць у сіні колер, а салярку - у зялёны. Як паведамілі Еўрарадыё ў галоўным ўпраўленні механізацыі і тэхнічнага прагрэсу Міністэрства сельскай гаспадаркі, эксперымент пачаўся некалькі месяцаў таму. Вось што кажа супрацоўнік упраўлення Ўладзімір Іваноў:

"Так робіцца ва ўсім свеце. Цяпер і нашым урадам прынятае рашэнне, што паліва, якое будзе ісці арганізацыям для сельгасвытворчасці будзе маркіравацца: салярка - зялёным, бензін - сінім. Мы ўжо пачалі гэта рабіць пару месяцаў таму, а зараз гэта узаконілі".

Як адзначае "Народная газета", такія меры прынятыя для таго, каб пазбегнуць масавых крадзяжоў паліва. Чалавеку, у бензабаку асабістага аўтамабілю якога знойдуць афарбаванае паліва, пагражае адміністрацыйная альбо нават і крымінальная адказнасць - у залежнасці ад памеру крадзяжу.