Сельскія абітурыенты паступаюць з 350 баламі!

Стаматолагі і праграмісты высвятляюць, у каго самыя высокія балы па сертыфікатах. За тры дні да заканчэння падачы дакументаў у ВНУ стаматалагіны факультэт медыцынскага універсітэта паказвае зубы. З баламі ніжэй за 330 сюды лепей не савацца. Падобная сітуацыя і з лячэбным факультэтам.

Канкураваць па якасці сэртыфікатаў са стаматолагамі можа хіба што факультэт камп’ютэрных сістэм і сетак радыётэхнічнага універсітэта. Тут падаюць сертыфікаты з сумарным балам 340-360. Чатыры найбольш моцныя сельскія абітурыенты падалі сертыфікаты не ніжэй за 331 балы. А ў аднаго з іх - 360. На платнае не саромеюцца падаваць сертыфікаты і з 280 баламі. Але ж знайшліся разумнікі , якія рызыкнулі сунуцца сюды са 140 баламі (гэта па 35 балаў за кожны тэст і атэстат!)

Лідэрства трымае медыцынскі універсітэт з максімумам сэртыфікатаў у 386 балаў. Гэты абітурыент-шчасліўчык мае па 96,5 балаў за кожны тэст і атэстат. Дакументы на стаматолага падаў невядомы сельскі абітурыент з сертыфікатам у 372 балы. Прахадны бал на большасць спецыяльнасцяў перавысіў планку ў 300. Распавядае адказны сакратар прыёмнай камісіі Арам Аветысаў:

- На стаматалагічным факультэце конкурс ужо перайшоў за 330 балаў. На лячэбны на дадзеную хвіліну 330 ужо ёсць. Нясуць актыўна дакументы на іншыя факультэты: на педыятрычны, медыка-прафілактычны. Але і там конкурс падбіраецца да 300 балаў.

У аграрна-тэхнічным універсітэце на тэхнічныя спецыяльнасці прахадны бал для сельскіх абітурыентаў шмат дзе большы, чым для гарадскіх. Максімальны ж бал складае ўсяго 308. Гэты сертыфікат падаў выпускнік з Мінску.

Еўрарадыё знайшло самага разумнага абітурыента БНТУ. Павел Пляскач выпускнік ліцэя №1 з Баранавічаў падаў 367 балаў на энергетычны факультэт. Па матэматыцы Павел атрымаў – 95 балаў, па рускай мове – 93, па фізіцы – 83, а атэстат даў яшчэ 96 балаў. Пра падрыхтоўку абітурыент заўважае наступнае:

- Займаўся з рэпетытарамі па рускай мове і фізіцы. Матэматыку рыхтаваў сам, дзякуючы нашай добрай настаўніцы Хаяравай Тамары Іванаўне. Будзем спадзявацца на добрае размеркаванне.

Цікава, што ў педагагічным універсітэце лепшыя сертыфікаты ў сельскіх абітурыентаў. Еўрарадыё высветліла, што найбольшую колькасць балаў – 353 падала дзяўчына з вёскі Жамчужына Баранавіцкага раёна. На другім месцы дзяўчына з Пінску з колькасцю балаў 352.

- Гісторыя, сацыяльна-палітычныя дысцыпліны, дзяўчына з Копыля, школа №2, - дадае пра трэцяе месца прадстаўнік прыёмнай камісіі Віктар Зайцаў.

Мы даведаліся, што дзяўчыну завуць Анжаліка Ільясава. Выпускніца да дзесятага класа жыла ў вёсцы. Цяпер хоча стаць настаўніцай. Але маці Анжалікі ўсё ж хвалюецца наконт паступлення дачкі:

- Хвалюемся, каб мы хаця прайшлі на бюджэтнае.

На самай справе Анжаліка можа падаваць дакументы ў любы ВНУ, на любую спецыяльнасць. А вось у каго сітуацыя з баламі зусім катастрафічная, а паступіць неабходна хоць куды, ёсць выхад. На некаторых спецыяльнасцях БАТУ, прыборабудаўнічым і інжынерна-педагагічным факультэце ў БНТУ, а таксама механіка-матэматычным факультэце БДУ вольныя месцы яшчэ засталіся.