“Серебряная свадьба”: Мы хочам быць як Аляксандр Сяргеевіч Пушкін!

Фрык-кабарэ-бэнд “Серебряная Свадьба” – адзін з самых модных сучасных беларускіх гуртоў. Бенька, лідэрка калектыву, распавяла Еўрарадыё пра сваё стаўленне да моды і эпатажу, упэўніла ў агульначалавечнасці музыкі гурта, прызналася ў любові Мінску, Парыжу і Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну і прыадкрыла плюсы і мінусы зборніка песень “Концерт в чулане”.

“...эпізадычныя падзеі ў маім жыцці...”




ЕРБ: Бенька! Сёння ўпершыню ўбачыла цябе па-за сцэнай. Калі чакала, дык усё думала, як ты выглядаеш у звычайным жыцці? Аказалася, што ў жыцці ты такая ж, як і на сцэне, толькі без вуалі, мушак, чырвонай памады і сіняка, які з’явіўся нядаўна пад вокам. Твой сцэнічны вобраз і твой вобраз рэальнай жанчыны ў нечым ідэнтычныя?

Бенька (Б.): Шмат у чым. Ва ўнутраным стане бясспрэчна. Я маю ўсе правы на тое, каб апрануцца настолькі эпатажна, наколькі пажадаю. Не заўсёды гэта атрымоўваецца зрабіць у жыцці, з-за момантаў нязручнасці. Не заўсёды зручна бегаць на высокіх абцасах, хадзіць у цыліндры з вуаллю... Але ўвогуле я рабіла б гэта заўжды!

ЕРБ: Існуе проста мода і эпатажная мода. Што такое эпатажная мода? Ці ў кожнага эпатажнага чалавека існуе свая эпатажная мода?

Б.: Мне не вельмі імпануе слова эпатаж у адносінах да сябе асабіста. Гэта ўсё цікава, і я дапускаю яго існаванне ў жыцці іншых людзей. Мне ж ніколі не хацелася нікога эпатаваць. Проста я люблю дзіўныя, прыгожыя рэчы. Я люблю незвычайныя ўбранні, калі маю такую магчымасць, дык апранаю іх.

ЕРБ: Дзе ты бярэш гэтыя незвычайныя ўбранні? Ты іх шыеш ці купляеш у нейкіх эксклюзіўных крамах?

Б.: Я шыю. Мне дораць. Гэта рэтра рэчы — рэчы маіх сяброў, мам, бабуль і цётак, а таксама рэчы, якія я набываю, напрыклад, у сэканд-хэндах ці звычайных крамах, а потым перашываю на свой густ.

ЕРБ: Ці ёсць у цябе нейкая ўлюбёная крама?

Б.: Я зрэдку там бываю, таму не магу пра гэта распавядаць. Гэта эпізадычныя падзеі ў маім жыцці...


“...наш гурт уяўляе сабою вельмі якасны Інь і Янь...”




ЕРБ: Фрык-кабарэ-бэнд “Серебряная Свадьба” – гэта ўсё ж такі жаночая музыка...

Б.: Мне вельмі б хацелася гэтага пазбегнуць... Я ўпэўненая, што “Серебряная Свадьба” грае агульначалавечую музыку, асноўнай мэтай якой з’яўляецца чалавека падбадзёрыць, падтрымаць, надаць яму ўпэўненасці ў тым, што, у прынцыпе, можна прарвацца і што любая сітуацыя мае сваё выйсце. Жыццярадаснасць і жыццесцвярджальнасць, мне здаецца, гэта не жаночыя рысы характару, не жаночы лад жыцця. Гэта агульначалавечы стан, які ўласцівы проста аптымістычным людзям, якімі мы і з’яўляемся. І потым мне здаецца, што наш гурт уяўляе сабою вельмі якасны Інь і Янь, таму што ў гурце 2 дзяўчыны: я – гэта такі жаночы надрыў, а нашая скрыпачка, Франчэска Марыя Васілеўская – самадастатковая цудоўная пані. Да таго ж, у гурце граюць выдатныя хлопцы, якіх шмат, і якія ствараюць сапраўды мужчынскі драйв! Таму мы даволі гарманічны калектыў, на мой погляд, і павінны ствараць уражанне надзейнай сям’і, а гэта ўласціва ўсім: мужчынам і жанчынам.





ЕРБ: Ты ўзгадала, што ў гурце граеш ролю жаночага надрыву. Адкуль пайшла гісторыя гэтага надрыву?

Б.: Мяне пацяшае надрыў у любым выглядзе, таму што ён уласцівы мне гэтак жа, як і кожнаму чалавеку, але я яго ў сабе не вырошчваю, не вырошчваю сваіх змей, я смяюся над ім і хачу, каб над ім пасмяяліся ўсе разам са мною. Гэта адна з рысаў, якая мяне больш за ўсё пацяшае ў людзях і замілоўвае, па-добраму замілоўвае.

ЕРБ: У большасці выпадкаў твая гераіня выглядае блажэннай. Гэта праўда?

Б.: Я думаю, што гэта той стан, у які б я хацела паглыбіцца, і на мэце сабе я стаўлю пранікненне ў гэты стан. Магчыма, не зараз гэта здарыцца са мною, але, думаю, мне пашанцуе і я дасягну гэтага стану!





“Францыя — цудоўная краіна для пераймання прыгажосці і жыццярадаснасці...”


ЕРБ: Адзін са складнікоў “Серебряной Свадьбы” – “афранцужанасць”. Апошні канцэрт, на якім я прысутнічала, нагадаў мне парыжскую багемную кавярню, па якой лунае шчымлівы пах французскай парфумы і цыгарэт. Гэтая любоў да Францыі, наколькі мне вядома, звязаная з тваімі французскімі каранямі?

Б.: Так, я маю французскія карані. Мая прабабуля доўгі час жыла ў Францыі, потым яна адтуль з’ехала, тым не менш, мая роднасць да Францыі засталася. Французская мова выклікае ўва мне недасяжныя пачуцці, французская музыка імпанавала мне з самага дзяцінства. Гэтае невытлумачальнае прыцягненне нельга патлумачыць, як і тое, напрыклад, чаму нейкі чалавек выклікае ў цябе любоўныя ці сяброўскія жаданні... Гэта проста няўлоўны, лагічна-невытлумачальны працэс. Увогуле Францыя, мне здаецца, цудоўная краіна для пераймання прыгажосці і жыццярадаснасці. І гэтага, на жаль, у Беларусі малавата. Менавіта таму мне захацелася ўнесці сюды французскі дух. Выступаючы ў Францыі я адчувала сябе крыху, часткова, чалавекам, які прыехаў у Тулу са сваім самаварам, таму што там падобнай музыкі, тэатралізаванай, вясёлай, адважнай вельмі шмат. У нас – не вельмі шмат. Таму вельмі хацелася запоўніць гэтую нішу, хоць у Францыі таксама вельмі добра...





ЕРБ: Калі б ты стаяла перад выбарам і мела магчымасць выбраць для жыцця любы горад у Францыі, на якім з іх ты б спынілася?

Б.: Шчыра кажучы, без усялякага фальшывага патрыятызму, я вельмі люблю Мінск і Віцебск, дзе я нарадзілася. І ўвогуле, я вельмі люблю Беларусь, і ні за што не з’ехала б адсюль, таму што адчуваю тут сваю вялікую чалавечую запатрабаванасць. І адчуваю, што нарадзілася там, дзе трэба і ў той час, калі трэба. Але калі б я выбірала нейкі горад у Францыі, то на самой справе, вядома ж, я выбрала б Парыж. Бо, нягледзячы на тое, што ён ужо аброс махровымі штампамі кшталту “Ах, Парыж-Парыж”, гэта вельмі прыгожы горад, горад вельмі рознабаковы, які дае мноства варыянтаў жыцця... Ён дзівосны па сваёй архітэктуры, дзівосны па разнастайнасці нацыянальнасцяў, якія там жывуць... Гэта горад, дзе прысутнічае нейкая асаблівая атмасфера, цяжка ўлоўная, але паветраная і лёгкая. Атмасфера кахання і нахабнасці. Мне там было вельмі добра.





“Я не магу апісаць атмасферу свайго ўласнага дома...”

ЕРБ: А ў Мінску якая атмасфера?

Б.: Мінск вельмі цёплы горад, ён вельмі чалавечны. Я ўспрымаю яго проста, як дом. Я не магу апісаць атмасферу свайго ўласнага дома. Яе відаць толькі з боку. Гэта атмасфера, у якой мне максімальна камфортна.

ЕРБ: У мяне часам узнікае ўражанне, што тое, што цяпер адбываецца ў мінскім мастацтве, уключаючы, вядома, андэграўнд, нагадвае Піцер пачатку мінулага стагоддзя...

Б.: Я адчуваю вялікі патэнцыял у Мінску і вялікую колькасць людзей, якія вельмі цікава і творча мысляць. Гэта тычыцца і тэатра, і музыкі, і выяўленчага мастацтва... Я не разважала наконт твайго ўражання, аднак уздым творчай актыўнасці цяпер у Мінску назіраецца, гэта дакладна!





“Серебряная Свадьба”яшчэ не настолькі моцна разгарнула ўсе свае магчымасці...”


ЕРБ: Фрык-кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба” – праект, з падкрэсленай тэатральнасцю... У адрозненні ад калегаў-гуртоў, выхадцаў з тэатральных сценаў, вы адкрыта заяўляеце пра сваю адметнасць....

Б.: Так-так, безумоўна. І мяркую, што наша назва канкрэтна пра гэта нагадвае. Таму што кабарэ - гэта сінтэз розных відаў мастацтва, гэта заўсёды тэатралізаваная дзея, у якой існавалі розныя жанры: танец, тэатр, фокусы, цыркавое мастацтва, музыка, паэзія... Гэтая сумесь стракатага кактэйлю, і ўяўляе сабою выступы ў кавярнях-шантанах, у кабарэ. І я вельмі шчаслівая, што працую ў Тэатры лялек - гэта цудоўнае месца, тут працуюць выдатныя людзі... І гэта менавіта тое месца, якое мяне шмат чаму навучыла. Я лічу, што на самой справе “Серебряная Свадьба” яшчэ не настолькі моцна разгарнула ўсе свае магчымасці, таму што гурт пакуль знаходзіцца ў пошуку, і ідэі тэатралізацыі таго, што адбываецца на сцэне падчас канцэртаў, цяпер рэалізаваныя толькі на 10 адсоткаў. Я ўпэўнена, што з цягам часу дзея стане больш насычанай тэатральнымі эфектамі, цудамі, унутранай драматургіяй. Гэтага ўсяго вельмі хочацца. І мне здаецца, гэта вельмі патрэбна людзям.





Музыка для ўсіх!

ЕРБ: Паназірала за вашай публікай. Яна нібыта не мае ўзросту. Якім чынам вы пазіцыянуеце свайго гледача?

Б.: Я ўвогуле хачу, каб мы былі як Пушкін! Для ўсіх! Праўда. Пушкін і казкі пісаў, і вершы, і абсалютна сур’ёзныя філасофскія творы, і ён застаўся ўсенародна любімым паэтам. Я кажу гэта без параўнання “сысці ў вечнасць, як Пушкін”...ці “памятнік себе воздвигнуть нерукотворный...” Ну, а чаму не? Пушкін - мой улюбёны паэт. І шмат у чым я арыентуюся на яго. Жыццярадасны чалавек, які пражыў яскравае, насычанае, магутнае жыццё. Мне здаецца, што ён ніколі не нудзіўся, але пры гэтым у яго галаве былі думкі не толькі легкадумныя, але і надзвычай мудрыя, сур’ёзныя і глыбокія... Мне не так істотна, для каго мы граем, мне б хацелася, каб ідэя жыццярадаснасці, што б там ні было, падтрымкі, сяброўства, магчымасці чалавечага шчасця ў гэтым цудоўным і лютым свеце, каб гэтая ідэя, якую прапагандаваў сваёй творчасцю і Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, была блізкай усім людзям: і юнаку, і сталаму чалавеку.





“...проста шчыры канцэртны запіс...”

ЕРБ: Давай пагаворым пра “Концерт в чулане”... Гэта максі-сінгл, я разумею?

Б.: Мы назвалі яго калекцыйным зборнікам песень, які выдадзены на CD. Чаму? Мы дагэтуль не запісалі дыску. Гэты ж з’яўляецца запісам невялікага канцэрту, дзе мы сабралі сваіх сяброў і для іх у жывым гучанні выканалі, з невялікімі дублямі, без усялякіх дадатковых эфектаў, свае песні. Гэта максімальна шчырае гучанне гурта на дадзены момант. Шмат чым мы не задаволены: сваім выкананнем, напрыклад, узроўнем запісу, і тут прэтэнзіі зусім не да рэжысёра, а гэта нашы памылкі, нейкія недахопы тэхнікі... Усё гэта рабіў цудоўны гукарэжысёр Аляксандр Гелік, з якім шмат якія гурты працуюць ці будуць працаваць, таму што ён выдатны!.. Гэты дыск, хутчэй, проста шчыры канцэртны запіс, а не паўнавартасны альбом, які б мы хацелі прэзентаваць, як свой першы. Таму мы так яго і называем: канцэрт. Канцэрт з усімі агрэхамі, з усімі недасканаласцямі, жыццём, якое ўласціва канцэрту... Гэтым ён нам цікавы і блізкі, таму што ён жывы...

ЕРБ: А ці ўвогуле плануеце рабіць нейкія студыйныя запісы?

Б.: Так. Мы працуем над гэтым увесь час, колькі існуем. Ёсць пэўная складанасць, таму што мы - калектыў, які ўспрымаецца візуальна ў большай ступені. Шматлікія людзі, якія чулі нашы папярэднія запісы, скардзіліся на тое, што яны надзвычай прайграюць таму відовішчу, якое гледачы бачаць на канцэртах, і таму драйву, які адбываецца пры жывым выкананні. Думаю, што нешта падобнае ўласціва кожнаму гурту, але нам яшчэ ў большай ступені, паколькі ў нас шмат жывой візуальнай дзеі. Таму ў перспектыве мы бачым выпуск такога дыску, які дазволіць узнавіць атмасферу цалкам, каб кожная песня была як маленькі радыё-спектакль, каб нават без візуальнай карцінкі чалавек здолеў намаляваць ўсё ў сваім уяўленні вельмі яскрава. І мы над гэтым збіраемся працаваць. “Концерт в чулане” — гэта толькі спроба.

ЕРБ: То бок, у крамах нельга набыць дыск? Як ён распаўсюджваецца?

Б.: Гэты дыск з’явіўся дзеля таго, каб чалавек, які прыйдзе на наш канцэрт, змог набыць яго і знесці нейкую нашу спеўную часцінку ўспамінаў з сабою...




Геаграфія канцэртнага руху...


ЕРБ: Наколькі шчыльны ваш гастрольны графік?

Б.: Гастралюем мы часта. Аднак, на жаль, не нада часта нас запрашаюць на фестывалі, бо калі арганізатары даведваюцца пра колькасць удзельнікаў “Серебряной свадьбы”, а гэта 7 музыкаў плюс наш дырэктар, прага нас запрасіць часам знікае. Затое, мы часта ездзім у Расію на гастролі: мы бываем у Маскве, у Піцеры, упадабалі поўдзень Расіі - двойчы за гэтую вясну рабілі тур Краснадар-Растоў-Таганрог-Стаўрапаль, які прайшоў з вялікім поспехам і задавальненнем... Гэта цяпер нашы любімыя месцы. Наведваем Польшчу. Мінулай восенню былі ў Францыі. Таксама мы ездзім у Кіеў... Гэта і ёсць геаграфія нашага канцэртнага руху...




“...пакуль ёсць 10 чалавек, якім мы цікавыя і якім прыносім радасць, мы будзем граць...”


ЕРБ: Што для фрык-кабарэ-бэнду “Серебряная Свадьба” з’яўляецца прыкметай папулярнасці?

Б.: Мы маем добрае, нармальнае і самадастатковае адчуванне таго, што мы запатрабаваныя. Нас чакаюць у розных гарадах, людзі радуюцца, калі чуюць нас. Пасля нашых канцэртаў толькі мінімальная колькасць людзей застаецца незадаволенай, і тое, хутчэй, таму, што ім не блізкая нашая творчасць. У асноўным мы бачым, што прыносім нейкую радасць людзям, што для нас вельмі істотна, і таму мы больш ні пра што сур’ёзна не задумваемся. Вядома, нам прыемна, калі мы робім канцэрт пры поўнай зале, як гэта адбылося 8 сакавіка ў КЗ “Мінск”, і нават вялікі натоўп не здолеў патрапіць на гэты канцэрт з-за адсутнасці квіткоў... Гэта, безумоўна, прыемна, і пра нешта сведчыць. Але пакуль ёсць 10 чалавек, якім мы цікавыя і якім прыносім радасць, мы будзем граць.

ЕРБ: А калі не будзе гэтых 10-ці асобаў?

Б.: Лічу, што гэта не магчыма. Кожны чалавек, які робіць з захапленнем сваю справу і нясе гэтым пазітыўны зарад, заўсёды будзе мець пэўную колькасць людзей, якія сімпатызуюць яму і якім ягоная творчасць блізкая. Да заканчэння свайго жыцця я збіраюся граць у гэтую гульню!

ЕРБ: Заўсёды, мабыць, ёсць нешта, што хочацца выказаць....

Б.: Я скажу тое, пра што думаю, добра? Мы цяпер у тэатры працуем над спектаклем, які закранае тэму самагубства. Яшчэ я чытаю дзіўную кнігу, якая мне вельмі падабаецца і якая таксама звязаная з гэтай тэмаю. Тое, што мяне на самой справе вельмі трывожыць: я хачу каб ні з кім нічога падобнага ніколі не адбылося... Мне здаецца, што жыццё вельмі складанае і страшнае часткова, аднак яно вельмі зменлівае: усё можа змяніцца вельмі крута і выратаванне можа чакаць за кожным вуглом. Калі б я магла зрабіць нешта чароўнае ў свеце, калі б я валодала нейкай нечалавечай сілаю, я б зрабіла так, каб людзі не пакідалі жыццё падобным чынам. Гэта тое, што забівае навокал усё жывое: жыццё іх родных, нават далёкіх знаёмых... Гэта тое, што для мяне цяпер істотна...





Фота: Віталіна Грахоўская, Маша Яр а таксама з http://community.livejournal.com/notre_france