Серыйны забойца асуджаны Вярхоўным судом Беларусі на смяротнае пакаранне

22 траўня Вярхоўны суд Беларусі абвясціў прысуд па справе серыйнага забойцы Аляксандра Сяргейчыка. Былы міліцыянт прысуджаны да вышэйшай меры пакарання – растрэлу. У яго будзе канфіскаваная маёмасць. Забойца пазбаўлены звання "старэйшы лейтэнант міліцыі".

Спадар Сяргейчык прызнаны вінаватым у здзяйсненні шэрагу цяжкіх і асоба цяжкіх злачынстваў, у прыватнасці забойстваў, "з асобай жорсткасцю, з мэтай схаваць іншае злачынства, з хуліганскіх матываў”.


Суд прызнаў яго вінаватым таксама у згвалтаванні, крадзяжы маёмасці, у тым ліку крадзяжы агнястрэльнай зброі, пазапраўным нашэнні, захоўванні і перавозцы агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і прылад, а таксама ў здзяйсненні шэрагу іншых злачынстваў.


Справа былога супрацоўніка міліцыі слухалася з 20 лютага на выязным паседжанні калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суду. Прысуд быў абвешчаны ў Гродзенскім абласным судзе.


БелаПАН