“Шахцёр” заплаціў МТЗ-РЫПА за Аляксандра Быліну 25 тысяч долараў

Канфлікт паміж беларускімі футбольнымі клубамі “Шахцёр” (Салігорск) і МТЗ-РЫПА (Мінск) удалося залагодзіць. Гарнякі ўсё ж расплаціліся за футбаліста Аляксандра Быліну, на рахунак сталічнага клуба пераведзеныя 25 тысяч долараў.  Нагадаем, нядаўна МТЗ-РЫПА, які не дачакаўся грошай за прададзенага футбаліста, паскардзіўся ў Беларускую федэрацыю футбола. У выніку яе камітэт па статусу і пераходам гульцоў ануляваў кантракт Быліны з “Шахцёрам”.

Усё магло скончыцца значна горш, калі б дысцыплінарны камітэт федэрацыі пазбавіў каманду з-за гэтага парушэння пяці ачкоў.

З-за таго, што кантракт Аляксандра Быліны быў ануляваны, ён зможа выйсці на поле ў форме салігорцаў не раней наступнага тыдня, калі гэтае пытанне разгледзіць спартовы арбітраж футбольнай федэрацыі, паведамляе газета СБ.