Шчучынскія ідэолагі даведаліся, ці вераць людзі ў Бога

Незвычайную акцыю правялі супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай працы Шчучынскага райвыканкама. Было наладжанае анкетаванне сярод працаўнікоў сямі найбуйнейшых прадпрыемстваў раёна. Людзі адказвалі на пытанне: Як вы адносіцеся да веры? Як паведаміў Еўрарадыё начальнік аддзела ідэалагічнай працы Шчучынскага райвыканкама Сяргей Каспярчук, акцыя не была яго ініцыятывай, загад на яе правядзенне быў атрыманы з Гродна.

Сяргей Каспярчук: "Апытваў аддзел па справах рэлігій аблвыканкаму, па ўсёй вобласці нашай. Вывучаў меркаванне людзей. Была распрацаваная анкета, і мы ў Шчучынскім раёне праводзілі".

Як сведчаць вынікі па Шчучынскім раёне, 73% апытаных лічаць сябе веруючымі ў Бога, 19% не могуць адназначна адказаць на гэтае пытанне. Яшчэ 3% людзей вераць у звышнатуральныя "касмічныя сілы". І толькі 5% сцвярджаюць, што яны перакананыя атэісты.