Шпілеўскі: Галоўнае — Глеб вяртаецца ў Прэм’ер-лігу

Мэнэджар Глеба распавёў Еўрарадыё акалічнасці пераходу паўабаронцы з "Барселоны" ў "Бірмінгем Сіці". 31 жніўня, у апошні дзень трансфернага вакна, самы тытулаваны беларускі футбаліст Аляксандр Глеб падпісаў кантракт з не самым тытулаваным англійскім клубам “Бірмінгем Сіці”. У Бірмінгем Глеб з’язджае на год, “Барселона” саступіла яго англічанам на правах арэнды.

Паводле словаў мэнэджара футбаліста Мікалая Шпілеўскага, Глеб вельмі сур’ёзна настройваецца на гульню за свой новы клуб. Але ў той жа час “Бірмінгем Сіці”, які не можа пахваліцца дасягненнямі на вышэйшым узроўні, з’яўляецца для футбаліста своеасаблівай прыступкай, каб вярнуць сабе былую рэпутацыю ў Прэм’ер-лізе:

Мікалай Шпілеўскі: “Самае галоўнае, што Саша ізноў трапіў на тую трыбуну, на якой ён ужо быў — гэта Прэм’ер-ліга. Асабіста для мяне яна застаецца мацнейшай у свеце. І гаворка ўжо не пра тое, што ён у "Бірмінгеме": ён у Прэм’ер-лізе. І праз “Бірмінгем Сіці” ён можа паказаць, што ён — той самы Саша Глеб, якога прывыклі бачыць!”

Кантракт Аляксандра Глеба каштаваў для “Бірмінгема” вялікіх грошай. Згодна са словамі Мікалая Шпілеўскага, англійскі клуб задаволіў немалыя фінансавыя амбіцыі “Барселоны” і ў той жа час забяспечыў беларускаму футбалісту заробак і стаўленне, адпаведныя яго статусу. Трэба спадзявацца, што пры такіх умовах для Глеба дакладна знойдзецца месца ў асноўным складзе “Бірмінгем Сіці”, хаця што-небудзь гарантаваць тут немагчыма:

Мікалай Шпілеўскі: "Ніводная каманда ў свеце не дасць нікому такіх гарантый. Аднак я ўпэўнены на мільён адсоткаў, што па стане, у якім знаходзіцца Аляксандр, ён гатовы не проста выходзіць за “Бірмінгем Сіці”, а выходзіць на поле і ствараць. У Глеба вельмі добрае прадчуванне гульні ў "Бірмінгеме".

Апошні час, прысвечаны вырашэнню трансфернага пытання, быў даволі цяжкім для Глеба:

Мікалай Шпілеўскі: “Месяц працы ў “Барселоне” у статусе чалавека з імем, якому празрыста намякаюць, што трэба мяняць каманду, ён годна перанёс. Трэніраваўся сам дадаткова, займаўся і з трэнерам па фізпадрыхтоўцы. Паглядзім. Мяне цікавіць вынік, і мы ўбачым яго ў бліжэйшай будучыні”.