Шпілеўскі: Кубак Лігі чэмпіёнаў абавязкова прыедзе ў Беларусь!

А з наступнага года Аляксандр Глеб будзе гуляць у асноўным складзе. Толькі якой каманды, вырашыцца на наступным тыдні. Кубак Лігі чэмпіёнаў, які выйграла іспанская “Барселона”, хутчэй за ўсё прыедзе ў Беларусь. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Мікалай Шпілеўскі, агент паўабаронцы каталонцаў Аляксандра Глеба.

Мікалай Шпілеўскі: “Пры першай жа магчымасці мы будзем абмяркоўваць гэта пытанне з Беларускай федэрацыяй футбола. І тое, што Кубак павінен быць у Беларусі — гэта 100 адсоткаў. У гэтым ніхто не сумняваецца. Павінна быць вырашана толькі арганізацыйнае пытанне паміж Федэрацыяй і або “Барселонай”, або ФІФА, або УЕФА — тут ужо не мая кампетэнцыя. Саша і заўзятары беларускага футбола заслужылі таго, каб адзін з самых прэстыжных Кубкаў прыехаў на нашу Радзіму. Не ведаю, што гэтаму можа перашкодзіць”.

Дарэчы, сам Мікалай Шпілеўскі фінальны матч паміж “Барсай” і “Манчэсцерам” глядзеў не на стадыёне, а дома ў Нямеччыне.

“У мяне, калі шчыра, былі білеты ў лоджыю, але мне было вельмі балюча глядзець, калі сваё роднае не гуляла, хаця ўдзельнічала ва ўсёй гэтай працэдуры”.

Між тым, на такой шчаслівай ноце Глеб можа пакінуць “Барселону”. Па словах Шпілеўскага, у панядзелак у Іспаніі за круглым сталом будзе абмяркоўвацца далейшы лёс футбаліста.

Мікалай Шпілеўскі: “Кар’ера Глеба толькі пачынаецца — гэта факт. І тое, што ён будзе “звяздзіць” у бліжэйшыя гады я кажу з мільённай упэўненасцю. Такія квалітэты, як у Глеба, яны павінны блішчэць і гуляць. А дзе… гэта пакажа час. Усё вырашыцца ў бліжэйшы тыдзень. Складваецца, ведаеце, нейкая рэвалюцыйная абстаноўка: нізы не хочуць жыць па старому, а вярхі не могуць верхаводзіць таксама па старому. Паўстае сітуацыя, у якой ўсе павінны разабрацца. Але так працягвацца не бузе дакладна. Або Саша, сціснуўшы зубы, даказвае сваё месца ў асноўным складзе менавіта ў “Барселоне”, або мы будзем весці сумесны дыялог, як нам лепш дзейнічаць. Адзначу толькі, што сітуацыя пакуль незразумелая ўсім. Але Глеб у наступным сезоне павінен гуляць у асноўным складзе. Ці будзе гэта “Барселона” або гэта будзе… Глеб — гулец, які павінен гуляць на прыстойным узроўні”.

Дарэчы, па словах Шпілеўскага. Глеб так і не вывучыў іспанскай мовы.