Штанге: У нашай адборачнай групе мы аўтсайдэры!

Бернд Штанге незадаволены календаром адборачных гульняў да Еўра-2012. Пра гэта галоўны трэнер футбольнай зборнай заявіў на прэс-канферэнцыі 5 сакавіка ў Мінску.  Як адзначыў Штанге, першую гульню пры адборы на чэмпіянат Еўропы нашы футбалісты правядуць з Францыяй, што азначае вялікую верагоднасць пройгрышу. "Усе хацелі б пачынаць з Люксембургам ці з Албаніяй, бо гэта тры амаль гарантаваныя ачкі ў скарбонку. І потым можна ўпэўнена пачувацца ў турніры", ― адзначыў трэнер.

Аднак Беларусі выпала гуляць першы матч з Францыяй. Па словах Штанге, гульня пройдзе ў верасні і гэта добры час, бо французы будуць стомленыя пасля сёлетняга чэмпіянату свету. Што праўда, вялікай надзеі на перамогу трэнер не мае:

Штанге: “Для тых, у каго ёсць мары: у гэтай групе мы не з'яўляемся самай моцнай камандай. Мы аўтсайдэры! Аднак у аўтсайдэраў заўжды ёсць невялічкі, але ― шанец!”

Нагадаем, наша каманда за выхад на чэмпіянат Еўропы пазмагаецца з Францыяй, Румыніяй, Босніяй і Герцагавінай, Албаніяй і Люксембургам.