Што паказваюць кінатэатры Мінску на гэтым тыдні

Агляд кінапрэм’ер, фестываляў, рэтраспектыў з Вольгай Мазальскай

На гэтым тыдні ў сталічны пракат выходзяць містычны трылер “Кроў і шакалад” і крымінальная драма “Альфа Дог”. Чарговая прэм’ера адбудзецца таксама ў “Доме кіно” у рамках праекту “Каннаманія”, дзе гледачам будзе прадстаўлены кінаальманах “Парыж, я цябе люблю”.
Рэжысёрку фільма “Кроў і шакалад” Кацю фон Гарнье многія ведаюць як аўтарку карціны “Бандыткі” — папулярнай нямецкай трагікамедыі пра дзяўчын-музыкантак, што збеглі з турмы і зладзілі своеасаблівае музычнае турнэ.

“Кроў і шакалад” — першы англамоўны праект рэжысёркі. Фільм зняты па матывах аднайменнага вампірскага рамана Анэт Кертыс Клаўзэ. Галоўная гераіня фільма, 19-гадовая дзяўчына-ваўкалак у выкананні Агнэс Брукнер спрабуе скрыць сваю сапраўдную сутнасць ад каханага чалавека.

Але абставіны складваюцца такім чынам, што сакрэт дзяўчыны можа быць раскрыты. І ёсць толькі адзін шанец захаваць тайну — пайсці насуперак сваім пачуццям і расстацца з каханым. Глядзіце фільм “Кроў і шакалад” з 9 лютага ў кінатэатрах “Аўрора”, “Кастрычнік”, “Масква”.


Прататып галоўнага героя наступнага прэм’ернага фільма тыдня “Альфа Дог” — гангстэр па мянушцы Джэсі Джэймс Галівуд — стаў знакамітасцю ў якасці самага юнага злачынцы, якога шукае ФБР. Яго злавілі падчас здымак.


А калі карціна была скончана, адвакаты арыштаванага налажылі вета на яе выпуск у кінатэатры, матывуючы гэта ўплывам, які фільм можа аказаць на прысяжных і суд. Нягледзячы на перашкоды, “Альфа Дог” усё ж такі трапіў у шырокі пракат.


У шэрагу галівудскіх трылераў-аднадзёнак праца рэжысёра Ніка Касаветыса — крок заўважны і значны. Касавы поспех карціне не пагражае, але ў тым, што “Альфа Дог” знойдзе свайго гледача, сумнявацца не выпадае.


Па настроі ды агульнай атмасферы фільм сугучны такім карцінам, як “На іголцы” Дэні Бойла і “Садыст” Лары Кларка, па сюжэце падобны да “Чамскрабера” Ар’е Пасіна. Але ў адрозненне ад вышэйзгаданых прац у аснове сюжэту ў Касаветыса сумная проза жыцця.


Несумненныя вартасці “Альфа Дога” — моцны сцэнар, адсутнасць непатрэбных дэталяў і па-добраму баявіты акцёрскі склад (дастаткова сказаць, што ролі другога плана ў фільме выканалі Шаран Стоўн і Брус Уіліс).


Гарманічнае спалучэнне гэтых складнікаў дае неабходны рэжысёру вынік: з уяўнай лёгкасцю яму ўдаецца распавесці фармальна простую, але змястоўна шматпланавую гісторыю. Паглядзець фільм “Альфа Дог” можна ўжо з 7 лютага ў кінатэатры “Дом кіно”.


Той жа “Дом кіно” ў рамках праграмы “Каннаманія” прапануе на гэтым тыдні паглядзець на Парыж — якім яго ўбачылі 22 рэжысёры з розных краін свету. За пяць хвілін расказаць і паказаць гісторыю кахання на фоне аднага з парыжскіх кварталаў — вось якую задачу мелі перад сабой кінематаграфісты. Так атрымаўся фільм “Парыж, я цябе люблю”.


На вачах у гледача мапа гораду пераўтвараецца ў мапу кахання. І ў кожным завулку чакае свая інтрыга. У 1965 годзе шэсць рэжысёраў “новай хвалі”, сярод якіх былі Рамер, Гадар і Шаброль, зрабілі карціну “Аглядаючы Парыж”. У 84-м у Францыі выйшаў фільм “Аглядаючы Парыж. 20 гадоў пасля”.


І вось цяпер, праз яшчэ дваццаць з нечым гадоў, з’явіўся ўжо трэці па ліку кінаальманах, прысвечаны Парыжу. Як і папярэднія два, ён добра адлюстроўвае дух свайго часу.


У праекце прынялі ўдзел зоркі першай велічыні: рэжысёры Том Тыквер, Гас Ван Сэнт, браты Коэны, Аліўе Асайя, Альфонса Куарон, акторы Фані Ардан, Элайджа Вуд, Стыў Бушэмі, Наталі Портман, Міранда Рычардсан і іншыя. Глядзіце фільм “Парыж, я цябе люблю” з 9 лютага ў кінатэатры “Дом кіно”.


Кадр з фільма "Альфа Дог"
Фота — allstars-online.ru