Швецыя зачыніць адну са спраў супраць Джуліяна Ассанжа
Бо скончыўся тэрмін даўнасці.
У чацвер шведскія пракуроры афіцыйна спыняць расследаванне абвінавачванняў супраць Джуліяна Асанжа ў гвалце на сэксуальнай глебе. Як перадае BBC, гэта адбываецца ў сувязі са сканчэннем тэрміну даўнасці.
Пракурорам так і не ўдалося дапытаць Ассанжа. Згодна са шведскім законам, улады не могуць афіцыйна выставіць абвінавачванні без допыту падазраванага.
Ассанжа падазравалі ў тым, што ён уступіў у палавую сувязь са шведскімі жанчынамі без прэзерватыва. З адной — насуперак яе просьбам, а з другой — у той момант, калі тая спала.
Тым не менш, заснавальнік WikiLeaks ўсё яшчэ застаецца падазраваным па іншай, больш сур'ёзнай справы аб згвалтаванні.
Аўстралійскі актывіст і журналіст адмаўляе віну і з чэрвеня 2012 года хаваецца ў лонданскім пасольстве Эквадора, які даў яму палітычны прытулак.
Сайт WikiLeaks, запушчаны Джуліанам Асанжам у 2006 годзе, спецыялізуецца на публікацыі сакрэтных дакументаў.
Фота: runyweb.com