Sigur Ros дадуць сумесны канцэрт з Б'ёрк у Рэйк'явіку

Папулярныя ісландскія музыкі – спявачка Б'ёрк і пост-рок гурт Sigur Ros – абвясцілі аб правядзенні сумеснага канцэрту ў Рэйк'явіку. Шоў, дакладнае месца правядзення якога пакуль не называецца, адбудзецца 28 чэрвеня. Апроч Б'ёрк і Sigur Ros у канцэрце прымуць удзел Олаф Арнальдс, вядомы па супрацоўніцтве з гуртом Mum, а таксама адмыслова запрошаныя замежныя артысты. З дапамогай гэтага мерапрыемства музыкі спадзяюцца прыцягнуць увагу да праблем забруджвання навакольнага асяроддзя ў Ісландыі.

Акрамя таго, Sigur Ros анансавалі адмысловы канцэрт у Нью-Ёрку. Выступ адбудзецца 17 чэрвеня ў Музеі сучаснага мастацтва і будзе служыць суправаджэннем да выставы ісландскага мастака Алафура Эліасана.

Нагадаем, што 23 чэрвеня музыкі выпускаюць свой новы, пяты па ліку альбом. Падчас летняга турнэ ў падтрымку рэлізу Sigur Ros упершыню наведаюць Расію. 26 жніўня гурт выступіць у піцерскім ТЮГ, а на наступны дзень – у маскоўскім клубе Б1 Maximum.

Фота: www.shalala.ru