Сільвіё Берлусконі выйграў парламенцкія выбары ў Італіі

Канчатковыя вынікі парламенцкіх выбараў у Італіі паказалі яшчэ большую, чым меркавалася, падтрымку цэнтрысцка-правай кааліцыі Сільвіё Берлусконі. Вялікай была таксама актыўнасць выбарцаў - 80%.  Выбары ў італьянскі парламент прайшлі датэрмінова пасля крызісу ва ўрадзе Рамана Продзі. “Берлусконі мусіць выкарыстаць усю сваю міфічную энергію і вынаходлівасць, каб вывесці краіну з крызісу,” - лічаць публіцысты.

Мінулыя два тэрміны паўнамоцтваў прэм'ера Берлусконі не пазначаныя эканамічнымі поспехамі. Італія 10 год таму мела сярэдні даход роўны брытанскаму, а эканоміка развівалася другой па хуткасці ў Еўропе. Цяпер італьянцы зарабляюць горш чым іспанцы, а эканоміка развіваецца павольней, чым у Грэцыі.

Берлусконі, як і шматлікія яго папярэднікі, абяцае мост на Сіцылію і разбудову сетак хуткіх цягнікоў, а пачаць мяркуе з вырашэння смеццевага крызісу ў Неапалі, паведамляе www.euro.pap.pl.