Сіноптыкі: Да Калядаў цяплей не будзе

Маразы ў Беларусі знізяцца толькі пасля 20 снежня. Аднак камфортней ад гэтага не стане, паведаміла Еўрарадыё начальнік аддзела метэаралагічных прагнозаў Людміла Парашчук. Па словах сіноптыка, у краіне істотна пахаладала, але тэмпература была ўсё ж з вельмі вялікім ваганнем — ад -5 на захадзе Гродзеншчыны да -24 у Віцебску, Оршы і Горках. У Мінску ж зранку тэмпература панізілася да 18 градусаў марозу.

Прычынай пахаладання сіноптыкі называюць змяшчэнне паветраных масаў з самага халоднага мора — Карскага. Такое змяшчэнне адбываецца раз на 7-10 гадоў.

Сцюдзёнае надвор'е захаваецца на бліжэйшыя некалькі дзён. Потым пойдуць паветраныя плыні з усходу і паўднёвага ўсходу, тэмпература паветра пачне павышацца, кажа Людміла Парашчук:

Парашчук: Нягледзчы на тое, што тэмпература на тэрмометрах будзе нібыта павышацца і слабець маразы, але з-за ўзмацнення парывістага ўсходняга ветра будзе адчуванне холаду. І камфортнасць тэмпературы будзе нават ніжэйшая.

Заўважнага аслаблення маразоў варта чакаць з панядзелка, кажуць метэаролагі. Але адлігі прынамсі да каталіцкіх Калядаў чакаць не варта.