Скаргу на Мінюст Генпракуратура пераслала ў Мінюст
Брэсцкія сацыял-дэмакраты атрымалі ліст з Генпракуратуры. Ім паабяцалі разгледзець скаргу.
Нагадаем, у Генпракуратуру звярталіся сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валянцін Лазарэнкаў і Алег Дыдышка.
Лазарэнкаў: “Мы атрымалі ліст з Генеральнай пракуратуры, куды даслалі скаргу на дзеянні Міністэрства юстыцыі. Нам адказалі, што наша скарга перасланая на рэагаванне ў Мінюст”.
Брэсцкія сацыял-дэмакраты прасілі праверыць законнасць рашэння Мінюста, які прызнаў пазастатутны орган — аргкамітэт па скліканні з’езда партыі. Нагадаем, што гэтым аргкамітэтам кіруе папярэдні старшыня партыі Анатоль Ляўковіч. Новага старшыню сацыял-дэмакратаў — Анатоля Сідарэвіча Мінюст не прызнае законна абраным.