Складанка War Child выйдзе дадаткам да газеты

Дабрачынная арганізацыя War Child рыхтуе да выдання чарговую музычную складанку. Двухдыскавае выданне "War Child: From Help to Heroes" выйдзе бясплатным дадаткам да суботняга і нядзельнага выпуска брытанскай газеты The Independent ад 14 і 15 лютага. На кружэлках будуць прадстаўленыя лепшыя песні з папярэдніх праектаў арганізацыі, а таксама тры кампазіцыі з складанкі "Heroes", якая рыхтуецца да выхаду ,і рэліз якой прызначаны на 16 лютага.

Пры складанні кампіляцыі "Heroes", прымеркаванай да 15-годдзя War Child, папулярным маладым артыстам было прапанавана пераспяваць якая-небудзь кампазіцыю з рэпертуара заслужаных выканаўцаў, такіх як Боб Дылан, Пол Макартні, Дэвід Боўі, Брайн Уілсан, U2, Joy Division і іншых. Сярод іншых у запісу ўзялі ўдзел Дафі, Лілі Ален, Бэк, Руфус Уэйнрайт, гурты TV on the Radio, Hot Chip, The Kooks, Elbow і Scissor Sisters.

Усе прыбыткі з продажаў складанкі арганізацыя War Child накіруе ў дапамогу дзецям, якія пражываюць у зонах ваенных канфліктаў.

Фота ўзята з сайта газеты The Independent