“Славянскі базар”: расіянін — негалосны пераможца

Афіцыйна вынікі міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск-2009” будуць аб’яўлены сёння у 17 гадзін. Але пасля двух конкурсных канцэртаў відавочна, што сенсацыі і на гэтым “Базары” не адбылося. Лепшы вынік — 192 бала з 200 магчымых — атрымаў канкурсант з Расіі, ураджэнец Беларусі Зьміцер Даніленка. Яму не пашкодзіла адсутнасць Мікалая Баскава, які падтрымліваў маладога спевака. Дарэчы, Лайма Вайкуле, якая замест Баскава ачоліла журы, прагледзеўшы рэпетыцыі канкурсантаў, адразу прадказала добры вынік Даніленку. З вуснаў старшыні журы такое прадказанне шмат чаго можа азначаць.

Адарваўся ад наступнага канкурсанта Даніленка на чатыры балы, гэта значыць, што хутчэй за ўсё ён возьме менавіта Гран-пры, а не проста першую прэмію. А на першае месца разлічвае Паша Парфеній з Малдовы. Па выніках першага дня ён быў чацвертым, а на другі дзень скокнуў адразу на другое, праспяваўшы раманс на верш Пастэрнака “Свечка”.

З аднолькавым вынікам падыйшлі да фінішу гамяльчук Андрэй Коласаў і Влатка Лазаноскі з Македоніі. На адной прыступцы яны стаялі і ў першы конкурсны дзень, аднолькава выступілі і ў другі. Хлопцы маюць па 186 балаў. Чацвёрты вынік і, хутчэй за ўсё, трэцюю прэмію атрымае Пятро Дмытрычэнка з Украіны.

У гэтым годзе п’едэстал займаюць выключна хлопцы. З гендэрным балансам на конкурсе атрымаўся перакос — з 16 канкурсантаў толькі чатыры дзяўчыны. І ніводнай з іх не пашанцавала. Але ўвечары стануць вядомыя ўладальнікі спецыяльных прызоў і прэмій. Так што і дзяўчаткі маюць шанец.