"Славянскі базар" зрабіў з Калдуна тэлеінтэлектуала

Новая праца неўзабаве з'явіцца ў Георгія Калдуна. Ён стане вядучым інтэлектуальнага шоў “Адзін супраць пяцідзесяці” на тэлеканале АНТ.  “Адзін супраць пяцідзесяці” – калька з папулярнага ў Даніі праекту “Адзін супраць усіх”. Шоў чымсьці нагадвае праграму “Хто хоча стаць мільянерам”, толькі тут разам з гульцом на пытанні адказвае і ўся студыя.

Сума выйгрышу залежыць не толькі ад таго, наколькі разумны гулец, але і ад таго, наколькі цяміць аўдыторыя. Чым больш чалавек у студыі даюць няправільныя адказы на пытанне, тым большая сума залічаецца ў актыў гульцу за дакладны адказ.

Георгій Калдун два месяцы таму прайшоў спробы на пасаду вядучага гэтага праекту. На АНТ сумняваліся ў яго прафпрыдатнасці роўна да таго моманту, як Жора стаў уладальнікам першай прэміі конкурсу маладых выканаўцаў на "Славянскім базары ў Віцебску".

На наступны дзень пасля абвяшчэння вынікаў “славянкі” Георгію патэлефанавалі і сказалі, што ён зацверджаны ў ролі вядучага. Калдун “абставіў” Алеся Мухіна, Дзяніса Дудзінскага і Жэню Булку, якія таксама ўдзельнічалі ў кастынгу.

"www.news.vitebsk.cc"