Следчы камітэт распавёў пра абставіны гібелі школьніка ў Глыбокім

У Глыбокім трагічна загінуў вучань 11-га класа. Як паведамляла Еўрарадыё, позна ўвечары 21 лютага ён разам з сябрам выпіў гарэлкі. Адзін з юнакоў здолеў дайсці дахаты, а другі — не змог і памёр, імаверна, ад пераахалоджвання арганізма.

Пазней з'явілася афіцыйная інфармацыя. Інна Гарбачова, афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці, кажа, што высветліліся абставіны трагічнага выпадку. Падлеткі выпівалі на ўскраіне горада, а пасля заснулі. Калі адзін з іх прачнуўся, сябра побач ужо не было. Тады ён патэлефанаваў сваякам і папрасіў, каб яго забралі дахаты.

Бацькі іншага хлопца, не дачакаўшыся яго, звярнуліся ў міліцыю. Там і даведаліся пра смерць сына. Як інфармуе тэлеканал СТВ, прызначаныя экспертызы, якія мусяць даць адказ на пытанне, што стала прычынай смерці школьніка: пераахалоджванне арганізма ці атручванне алкаголем.