Следчыя высвятляюць абставіны гібелі дзіцяці ў Гродне

Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці сямігадовага хлопчыка ў Гродне. Як паведамляла Еўрарадыё, трагічнае здарэнне адбылося 19 красавіка ў гродзенскім мікрараёне Альшанка. З даху дзевяціпавярховага дома па вуліцы Агінскага зваліўся 7-гадовы хлопчык. Медыкі, якія прыбылі на месца здарэння, канстатавалі смерць дзіцяці.

Як інфармуе прэс-служба Упраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, было ўстаноўлена, што цела хлопчыка знайшлі не каля яго пад'езда, а каля суседняга. Асноўнай версіяй з'яўляецца няшчасны выпадак. Следчыя не маюць дадзеных пра крымінальны характар гібелі дзіцяці.

Праводзіцца судова-медыцынская экспертыза, высвятляюцца ўсе абставіны здарэння.

Здымак з архіву. Фота: sb.by