Слэш абвінаваціў у заняпадзе рок-руху эма

Гітарыст Velvet Revolver Слэш абрынуўся з крытыкай на прадстаўнікоў папулярнага цяпер музычнага стылю эма-рок. Па словах музыкі, гэты рух занадта пераацэнены і не ўяўляе сабою ніякай каштоўнасці ў музычным плане.

Слэш перакананы, што эма-рокеры "проста не ўмеюць граць на гітарах". Маўляў, ён "не чуў ад іх яшчэ ніводнага зразумелага гітарнага сола. Ды і наогул, добрыя гітарысты цяпер неяк перавяліся. За выключэннем сапраўды выбітнага Джэка Уайта зараз няма каго нават і ўзгадаць".

"А рок-музыка - нагадвае Слэш, - пабудаваная як раз на ўменні валодаць гітарай. Сучасная рок-сцэна перажывае не лепшы час, і гэта нямала звязана са з'яўленнем проста безлічы эма-гуртоў, несамавітых і падобных адзін да аднаго як дзве кроплі вады. Але ёсць сярод усяго гэтага смецця і рэдкія выключэнні – напрыклад, гурт Muse, гэтыя хлопцы рэальна ўмеюць граць!».

Нагадаю, што супрацоўніцтвам з 42-гадовым Слэшам ганарацца Майкл Джэксан і Ігі Поп, менавіта ён з'яўляецца гітарыстам арыгінальнага складу гурта Guns'n'Roses, пасля сыходу з якога стварыў калектыў Velvet Revolver.

Дарэчы цяпер гурт Слэша шукае новага вакаліста – на замену Скоту Вэйланду, які вярнуўся ў свой стары калектыў Stone Temple Pilots.

Нягледзячы на ўсе праблемы, гітарыст засведчыў, што не мае намеру сыходзіць са сцэны і ад імя ўсяго калектыву абяцае, што «Рэвальверы» абавязкова выдадуць яшчэ хоць адзін альбом. Маўляў, "трэба ж камусьці супрацьстаяць засіллю эма!".

Фота: blogs.guardian.co.uk