Слонімцы адзначылі 85 год з дня нараджэння Васіля Супруна (фота)

Васіль Супрун стаў вядомым як паэт, краязнаўца, археолаг, кіраўнік беларускага патрыятычнага моладзевага антысавецкага падполля ў 1946-1947 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел сябры, знаёмыя і прыхільнікі творчасці Супруна, яго сваякі — дачка і пляменнік. Вёў мерапрыемства слонімскі краязнавец, пісьменнік і журналіст Сяргей Чыгрын.

Правядзенне імпрэзы не абышлося без непрыемных накладак. Вечарына павінна была адбыцца ў памяшканні Слонімскага раённага цэнтру дзіцяча-юнацкага турызму. Аднак за дзень да яе адміністрацыя цэнтру адмовілася даць памяшканне, спаслаўшыся на супрацьпажарную бяспеку. У сувязі з гэтым вечарыну давялося зладзіць у сціслым фармаце, у невялічкім па памеры доме, які належыць аднаму з мясцовых грамадскіх актывістаў.

Трэба адзначыць, што першапачаткова правядзенне вечарыны планавалася ў цэнтральнай бібліятэцы Слоніма. Але адміністрацыя бібліятэкі адмовіла ў памяшканні на падставе таго, што ўдзельнікі імпрэзы, магчыма, будуць гаварыць пра палітыку, а ў дзяржаўнай установе пра палітыку размаўляць нельга.