Смаленскія падлеткі захварэлі на "свіны грып" у Магілёве

Група з 18 чалавек Смаленскай дзіцяча-юнацкай спартовай школы алімпійскага рэзерву ўдзельнічала у спаборніцтвах у Магілёве.
Калі яны вярнуліся ў Смаленск 6 дзяцей і адзін з суправаджаючых дарослых былі хворыя на вострую вірусную інфекцыю. У траіх з іх лабараторна пацверджаны "свіны грып".

"З гэтай групы ў траіх лабараторна пацверджаны дыягназ грыпу, выкліканага вірусам А/H1N1 09", — паведаміла Еўрарадыё начальнік аддзела эпідэміялагічнага нагляду Ўпраўлення Расспажыўнагляду па Смаленскай вобласці Галіна Круціліна.

Група ўдзельнічала ў спаборніцтвах з 19 па 22 кастрычніка. Першы футбаліст захварэў 26-га кастрычніка, на чацвёрты дзень пасля вяртання з Магілёва. Інкубацыйны перыяд грыпа А/H1N1 максімум 7 дзён, кажа Галіна Круціліна.

"Усё укладаецца ў інкубацыйны перыяд. З поўнай упэўненасцю казаць нельга, але судзячы па развіцці сітуацыі, хутчэй за ўсё яны захварэлі ў Магілёве".


Дарэчы, пацвердзіцца "свіны грып" можа і ў астатніх чатырох хворых. Таму іх таксама лечаць менавіта ад грыпу А/H1N1.


Фота: "Сегодня"