СМІ: Французскія спецслужбы перахопліваюць электронныя лісты
А таксама адсочваюць іншую інфармацыю ў інтэрнэце і праслухоўваюць тэлефоны.
Пра гэта піша французская газета Le Monde. Паводле інфармацыі выдання, перахопленыя дадзеныя захоўваюцца ў памяці кампутара ў будынку Генеральнага ўпраўлення знешняй бяспекі. Гэтыя дзеянні нібыта стаяць па-за законам і ніяк не кантралююцца.
Выданне адзначае, што спецслужбы аналізуюць не змест электронных лістоў і іншых паведамленняў, а гэтак званыя метададзеныя пра атрымальнікаў і адпраўнікаў лістоў, пра час і месца паведамленняў. Назіранне вядзецца за ўсёй перапіскай унутры Францыі, а таксама паміж Францыяй і іншымі краінамі.
Аднак пакуль невядомыя маштабы гэтай праграмы і ці параўнальная яна з праграмай PRISM амерыканскіх спецслужбаў.
Французскія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на артыкул у прэсе.