СМІ: Хакеры ўзламалі сканар адбіткаў пальцаў на iPhone 5S
Сканар убудаваны ў кнопку "Дадому" і дазваляе актывізаваць тэлефон, а таксама пацвярджаць пакупкі ў AppStore і iTunes.
Узламаць яго здолелі хакеры з Нямеччыны, паведамляе РІА "Новости" са спасылкай на выданне Gizmodo. Хакеры з асацыяцыі Chaos Computer Club (CCC) растлумачылі на сваёй анлайн-старонцы, што для гэтага ім спатрэбілася сфатаграфаваць адбітак пальца ўладальніка iPhone са шкляной паверхні. Далейшыя маніпуляцыі з тэлефонам хакеры запісалі на відэа і выклалі ролік на YouTube.
Раней паведамлялася, што карыстальнікі Twitter збіраюць грошы на прыз першаму ўзломшчыку сканара адбіткаў пальцаў Touch ID, які вызначыцца на конкурсе хакераў. Сайт istouchidhackedyet.com ("Touch ID ужо ўзламалі?") вядзе ўлік усіх карыстальнікаў, якія дадаюць у прызавы фонд грошы, валюту Bitcoin ці алкаголь. Акрамя Twitter-юзараў конкурс фінансуюць некалькі невялікіх венчурных фондаў, якія ўнеслі ў скарбонку прызёра па 10-15 тысяч долараў.
Вытворцы сцвярджалі, што адбіткі пальцаў карыстальнікаў iPhone 5S зашыфраваныя і захаваныя на смартфоне ў выглядзе ўнікальнага параметру лічбавага подпісу. Доступ да адбіткаў, нібыта, не могуць атрымаць ні пабочныя асобы, ні самі распрацоўшчыкі Apple.
Фота — AFP