СМІ: Тэлефон Ангелы Меркель праслухоўвалі пяць краінаў
Гэта ЗША, Расія, Кітай, Вялікабрытанія і Паўночная Карэя.
Тэлефонныя гутаркі канцлера Нямеччыны, верагодна, праслухоўвала не толькі Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША, перадае РБК са спасылкай на нямецкія СМІ. Па словах высокапастаўленага прадстаўніка спецслужбаў Нямеччыны, аналіз сведчыць, што доступ да мабільнага тэлефона Меркель мелі разведкі яшчэ чатырох краінаў.
Парабалічная антэна дыяметрам у 80 см і некалькі прыбораў, якія свабодна можна купіць у інтэрнэце, дазваляюць ажыццявіць доступ да любога мабільнага тэлефона. Спецслужбы Нямеччыны яшчэ да пераезду нямецкага ўрада ў Берлін папярэджвалі, што гутаркі высокапастаўленых палітыкаў ва ўрадавым квартале можна будзе лёгка праслухоўваць.
Цяпер у Нямеччыне, па звестках нямецкіх СМІ, часткова пад дыпламатычным прыкрыццём працуюць 120 расійскіх агентаў Галоўнага разведвальнага ўпраўлення, Службы вонкавай разведкі і Федэральнай службы бяспекі. 60 з іх занятыя вярбоўкай інфармантаў на ўсёй тэрыторыі Нямеччыны.
У 2012 годзе, як сведчаць органы бяспекі Нямеччыны, блоьш за 100 нямецкіх палітыкаў, вайскоўцаў, навукоўцаў і бізнэсмэнаў атрымалі прапанову супрацоўнічаць з замежнымі разведкамі.
Фота — dpa