Спецслужбы знайшлі ў офісе “Белсату” толькі старую друкаваную машынку
Сёння ўначы невядомыя ўварваліся ў офіс незалежнага тэлеканалу "Белсат" у Мінску.
Яны разрэзалі дзверы памяшкання адмысловай пілой. Цяпер уваход на офіс апячатаны, паведамляе Радыё Свабода. Праўда, выносіць з офісу не было чаго.
На той момант у памяшканні нікога не было. Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік тэлеканалу ў Мінску Міхась Янчук, журналісты разам з тэхнікай і абсталяваннем выехалі некалькі дзён таму.
“У пакінутым некалькі дзён таму мінскім офісе Белсату са ўсяго абсталявання засталася толькі дагістарычная саракагадовая пячатная машынка. У яе ўстаўлены аркуш паперы — а на ім напісана ад рукі: Specially for you. А да машынкі дачэпленая памаранчавая стужка з надпісам: “Белсат TV”, — паведамляе Міхась Янчук у Facebook.
Трое супрацоўнікаў "Белсату" былі затрыманыя ў часе акцыі 19 снежня - гэта Таццяна Бублікава, Зміцер Каспяровіч і Зміцер Саўка.