Спіс кандыдатаў на пасаду кіраўніка Беларусьфільма ўжо падалі прэзідэнту?
Паводле словаў сцэнарыста Андрэя Курэйчыка, кандыдатаў як мінімум трое. Аднак іх імёны пакуль не называюцца. У Адміністрацыю прэзідэнта падалі спіс кандыдатур на пасаду гендырэктара “Беларусьфільма”. Бліжэйшым часам імя новага кіраўніка кінастудыі будзе агучанае. Гэтай інфармацыяй з Еўрарадыё падзяліўся драматург і сцэнарыст Андрэй Курэйчык.
Андрэй Курэйчык: “Хто гэта будзе, складана сказаць. Я ведаю, што падалі як мінімум тры кандыдатуры. З тых, хто вырашыўся на гэты крок, склалі спіс і адаслалі наверх. Выніковае рашэнне будзе прымаць, мяркую, прэзідэнт”.
На думку Курэйчыка, не ўсе, каго б хацелі бачыць на гэтай пасадзе, пагаджаюцца на прапанову. Сам сцэнарыст, у якога даволі складаныя адносны з кінастудыяй, дадае, што сябе ў якасці кіраўніка “Беларусьфільма” не бачыць. Маўляў, нестае досведу кіравання буйной арганізацыяй.
Ужо больш за месяц кінастудыя “Беларусьфільм” працуе без гендырэктара. Пра тое, што Уладзіміру Замяталіну не падоўжылі кантракт, стала вядома 22 снежня. Хто заменіць кіраўніка, пакуль няясна. Але прэтэндэнты на пасаду Замяталіна ўжо маюцца.
У Міністэрстве культуры Еўрарадыё пацвердзілі, што кандыдатуры сапраўды ўжо ёсць, але называць іх адмовіліся.
“Кандыдатуры, вядома, ёсць. Ёсць з каго абіраць, але канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае”, — распавяла прэс-сакратар міністэрства Ганна Смольская.
У самім “Беларусьфільме” пытанне таксама не каментуюць. Маўляў, гэтымі справамі займаецца Міністэрства культуры, а не кінастудыя.
Нагадаем, Уладзімір Заметалін узначальваў “Беларусьфільм” апошнія чатыры гады. 22 студзеня стала вядома, што з ім не працягнулі кантракт. Супрацоўнікі кінастудыі збіралі подпісы, каб Замяталіна пакінулі гендырэктарам, і нават звярталіся да кіраўніка краіны. У Міністэрстве ж спаслаліся на пенсійны ўзрост былога дырэктара нацыянальнай кінастудыі.
Хто б ні ўзначаліў “Беларусьфільм”, на кантэнт беларускага кіно і на агульную генеральную лінію гэта не паўплывае, мяркуе кінакрытык Максім Жбанкоў.
Максім Жбанкоў: “Гэта адміністратыўная структура, а не крэатыўная суполка. Яна залежыць ад вышэйшага кіраўніцтва і працуе ў канцылярска-дырэктыўным фармаце. Тое, што з Замяталіным “Беларусьфільм” не здолеў зрабіць чаканага ўладай: оскараносную стужку ці экранны бестсэлер — гэта ўсё стала падставай для сыходу Замяталіна. Але змены ў кіраўніцтве нічога не вырашаюць, бо "Беларусьфільм" не ёсць незалежнай структурай”.
На думку крытыка, цяпер вакол вакансіі гендырэктара ідзе сапраўдная барацьба. Таму канчатковы вынік непрадказальны.
Фота: nv-online.info