Спёка адступіць з Беларусі на ўсход толькі пры канцы тыдня

Раніцай — спёка, удзень — дождж. Нестабільным надвор'е ў Беларусі робіць вільготная і вельмі цёплая паветраная маса, якая прыйшла з Чорнага мора, мяркуюць метэаролагі. Разрыў у тэмпературах паміж усходам і захадам краіны можа дасягаць 10-15 градусаў і пратрымаецца да канца гэтага тыдня. Пра гэта распавяла Еўрарадыё начальніца аддзела прагнозаў Рэспубліканскага метэацэнтра Людміла Парашчук:

Парашчук: "На захадзе краіны, у раёне Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, стаіць атмасферны фронт. Ён адцясніць цёплае паветра на ўсход толькі ў канцы тыдня. А так у нас зараз ад 15-16 на захадзе, а на ўсходзе да 30 градусаў цяпла".

Гэты тэмпературны фон перавысіць норму на 4-6 градусаў, кажа Людміла Мікалаеўна. Так спякотна на ўсходзе Беларусі ў гэты час бывае вельмі рэдка.