Станюта заваявала 4 узнагароды ў фінале Гран-пры па мастацкай гімнастыцы

У Берліне 29 лістапада завяршыўся фінал Гран-пры па мастацкай гімнастыцы — выніковы турнір года, куды дапускаюцца найлепшыя спартоўкі сезону. Беларусь на спаборніцтве прадстаўляла Меліта Станюта, якая заваявала 4 медалі, паведамляе БЕЛТА. У шматбор'і, па суме чатырох практыкаванняў набраўшы 110,163 бала, беларуска замкнула прызавую тройку. Яна прапусціла наперад алімпійскую чэмпіёнку-2008 расіянку Яўгенію Канаеву (115,213) і яе суайчынніцу Дар'ю Кандакову (112,297).

Яшчэ тры ўзнагароды Меліта Станюта заваявала ў асобных відах практыкаванняў. У кампазіцыях з абручом (28,025 бала) і стужкай (27,941) яна стала срэбранай прызёркай, а ў практыкаванні са скакалкай (27,491) беларусцы дасталася бронза. У практыкаванні з мячом (27,408) наша суайчынніца апынулася на 4-м месцы.

Абсалютнай пераможцай турніру стала лідэр сезону расіянка Яўгенія Канаева. Ёй не было роўных як у шматбор'і, так і ва ўсіх чатырох асобных практыкаваннях — са скакалкай (29,066 бала), абручом (29,032), мячом (28,849) і стужкай (29,149).

Чатыры медалі на рахунку расіянкі Дар'і Кандаковай, якая выйграла срэбра ў шматбор'е і ў кампазіцыях са скакалкай і мячом, а таксама стала бронзавым прызёрам у практыкаванні з стужкай. Яшчэ дзве ўзнагароды фіналу Гран-пры дасталіся Ірыне Рысензон з Ізраілю, якая атрымала бронзу за кампазіцыі з абручом і мячом.