"Старая гвардыя" БНФ сыходзіць да Саннікава

Кіраўнік Мінскай гарадской суполкі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, а таксама Юры Хадыка, Валянцін Голубеў, Аляксей Марачкін і 10 кіраўнікоў раённых суполак партыі ўваходзяць у каманду прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Андрэя Саннікава. Афіцыйна пра гэта будзе заяўлена падчас заўтрашняй прэс-канферэнцыі ва Ўправе ПБНФ, расказаў Еўрарадыё Віктар Івашкевіч.

Івашкевіч: “На фоне пустапарожніх дыскусій за круглымі сталамі пад эгідай Рады інтэлегенцыі ці ў выніку скандалаў і абліванняў адзін аднаго брудам у Беларускім незалежніцкім блоку, на сённяшні дзень толькі кандыдат Саннікаў акцэнтуе сваю ўвагу на змаганні з Лукашэнкам. Так што, бээнэфаўцы ідуць у каманду Саннікава! Гэта галоўнае на заўтра”.

Па словах Івашкевіча, сённяшняе кіраўніцтва партыі дае памяшканне для правядзення прэсавых канферэнцый усім прадстаўнікам дэмакратычных сіл, хто па гэта звяртаецца. Таму, кажа, не было ніякага супраціву з боку старшыні партыі Аляксея Янукевіча і яго намеснікаў ў дачыненні да гэтай сустрэчы сябраў Фронту з журналістамі.

Івашкевіч: “Дыскусіі і праца ў кірунку змены рэжыму і абмеркаванне шляхоў дасягнення змены рэжыму - гэта ў любым выпадку лепш, чым персанальная грызня за ўладу ў БНФ. Я думаю, што сённяшняе кіраўніцтва, прааналізаваўшы сітуацыю, лічыць, што лепш, каб сябры БНФ змагаліся з рэжымам у якіх заўгодна камандах, чым змагаліся адзін супраць аднаго”.

На думку Івашкевіча, калі сябры партыі сканцэнтруюць увагу на змаганні за ўладу ў Беларусі, то грызня за ўладу ў партыі адыйдзе на другі план. А ў ідэале – праца сябраў партыі на розных кандыдатаў дапаможа кансалідаваць і саму Партыю БНФ.