Старшыня ПАСЕ: Вызваленне ўсіх палітвязняў — наша цвёрдае патрабаванне

Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных у Беларусі застаецца цвёрдым патрабаваннем Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Аб гэтым у інтэрв’ю БелаПАН заявіў іспанскі дэпутат, старшыня ПАСЕ Луіс Марыя дэ Пуіг.
Ён адзначыў, што нядаўнія вызваленні палітвязняў, у тым ліку двух сяброў незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зміцера Дашкевіча і Артура Фінькевіча, "не засталіся незаўважанымі". Ён выказаў надзею на тое, што гэтыя вызваленні стануць "пераканаўчым і паслядоўным знакам гатоўнасці беларускага кіраўніцтва стаць бліжэй да Савета Еўропы.

Варта адзначыць, што 12 лютага, выступаючы перад студэнтамі БДУ, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлады Беларусі пайшлі насустрач патрабаванням Еўрасаюза аб вызваленні некаторых зняволеных.

"Мы пайшлі насустрач: я маю на ўвазе датэрміновае або ўмоўнае вызваленне некаторых зняволеных, да якіх Захад мае адмысловыя пачуцці", — сказаў прэзідэнт.

"Іх вызваленне, — падкрэсліў ён, — ніякім чынам не звязана з апраўданнем злачынстваў, а абумоўлена толькі гуманнымі меркаванням. Мы закрылі гэтую хваравітую старонку ў адносінах з Захадам і першымі прапануемы рух наперад. Зараз чарга Еўрасаюза прадэманстраваць свае добрыя намеры ў дачыненні да беларускага народа".