Старшыня Рады БНР звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР, звярнулася да беларусаў з нагоды Дня Волі. У звароце гаворыцца: "Нацыянальныя святы кожны народ святкуе радасна і ўрачыста. З глыбіні сэрца жадаю, каб і для ўсіх нас як на Бацькаўшчыне, гэтак і па-за яе межамі гэты дзень стаўся нагодай выявіць сваю любоў да Бацькаўшчыны". Разам з тым Старшыня Рады БНР закранае балючыя пытанні беларускай палітыкі: "Жыве беларускі народ ва ўмовах няволі. Кантрактная сістэма; забарона дзецям з чарнобыльскай зоны карыстацца дапамогай добразычлівых людзей цывілізаванага свету; тэрор у форме падслухоўвання тэлефонных размоваў; адбіткі пальцаў; несанкцыяваныя ператрусы; канфіскацыі і затрыманні; фатаграфаванне людзей на грамадскіх мерапрыемствах; новапрыдуманае знявольванне ў войску непаслухмянае моладзі пасля яе выключэння са школаў і ўніверсітэтаў; абмяжоўванні доступу да праўдзівае інфармацыі".

Івонка Сурвіла ў сваім звароце адзначае, што асноўную надзею ў змаганні за свае правы і свабоды беларусы могуць мець толькі на сябе: "Еўропа стараецца памагчы Беларусі, але толькі сам народ Беларусі можа стрымаць разгул дыктатуры й самаволі. Толькі вы, дарагія суродзічы, можаце паказаць адзін аднаму й цэламу свету, што вы адчуваеце здзек самавольнага рэжыму, прагнеце спакайнейшага й эаможнейшага жыцця".


Паводле Радыё "Свабода"