Стартавала кампанія дапамогі звольненай настаўніцы Наталлі Іллініч

Былая настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы Наталля Іллініч звярнулася з касацыйнай скаргай у суд Мінскай вобласці з просьбай адмяніць рашэнне суда Пухавіцкага раёна і аднавіць яе на працы. У раённым судзе яна спрабавала аспрэчыць рашэнне адміністрацыі школы не працягваць з ёй працоўны кантракт. Грамадскія актывісты са Слуцка заклікалі падтрымаць Наталлю Іллініч.

Працоўны кантракт Натальлі Іллініч адмовіліся прадоўжыць пасля таго, як у яе доме адбыўся ператрус. Падзеі разгортваліся ў часе прэзідэнцкай кампаніі ў снежні 2010-га. Іллініч перакананая, што яе звольнілі з палітычных меркаванняў.

Падтрымаць настаўніцу плануюць грамадскія актывісты Слуцку. Яны падалі заяўкі на пікеты 15 красавіка на плошчы перад Пухавіцкім райвыканкамам у горадзе Мар’іна-Горка супраць несправядлівага звальнення настаўніцы. Арганізатары просяць падтрымаць гэтую акцыю салідарнасці ў рэгіёнах.  "Мы таксама просім усіх, хто мае магчымасьць, перайсці ад маральнай падтрымкі да практычнай. Чалавек два месяцы застаецца бяз працы, яна спрабавала ўладкавацца – яе нідзе не бяруць, а дачка ў яе яшчэ студэнтка. Мы са Слуцку ўжо двойчы пералічылі ёй па 300 тысяч”, - гаворыць адна з арганізатараў акцый дапамогі Зінаіда Цімошчык.

Грамадзкія актывісты са Слуцка заклікаюць усіх неабыякавых людзей падтрымаць звольненую Іллініч матэрыяльна, паведамляе Радыё Свабода.