Стартаваў праект “Цішоткі вольных беларусаў”

Гэта спабор прынтаў, лепшыя з якіх трапяць на кашулькі неабыякавых маладых беларусаў і якія павінны “стаць сапраўдным адлюстраваннем вольнасці і здаровага патрыятызму маладых беларусаў”, як гаворыцца ва ўмовах спабору. “Назва праекта і сведчыць пра тое, што мы хочам, каб у першую чаргу таленавітыя і крэатыўныя маладыя людзі творча вызначылі для сябе разуменне слоў “вольны беларус”, дый падвышаць, такім чынам, праз цішоткі з надпісамі, здаровую патрыятычнасць”, — кажа ініцыятар праекту Павал Белавус.

У склад журы спабору на чале са старшынёй Беларускага саюза дызайнераў Змітром Сурскім таксама ўвайшлі каардынатар интэрнэт-рэсурсу Generation.bY Вольга Кузьміч, рэп-выканаўца Vinsent, літаратар і перакладчык Валярына (Валерыя Кустава), журналіст і пісьменнік Глеб Лабадзенка і намеснік старшыні Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч. Менавіта яны вызначаць аўтараў лепшых малюнкаў, якія атрымаюць грашовыя ўзнагароды. Пераможца ў намінацыі “Беларуская свабода” атрымае спецыяльны прыз ад руху “За Свабоду”. Усе канкурсанты ў якасці падарункаў атрымаюць цішоткі з лепшымі прынтамі.

Конкурсныя працы можна дасылаць на паштовую скрыню [email protected] да 29 лістапада. Падрабязней аб умовах глядзіце тут.