" Стары Ольса" прэзентуе "Дрыгулу"

У Дзень закаханых, 14 лютага, у вялікай зале КЗ “Мінск” адбудзецца канцэртная прэзентацыя альбома гурта "Стары Ольса", што створаны паводле матываў “Полацкага сшытку” і называецца “Дрыгула”. У новым альбоме гурта сабраная танцавальная музыка ад Позняга Сярэднявечча да Ранняга Барока, занатаваная ў Вялікім княстве Літоўскім (зборнік “Полацкі сшытак") і краінах Заходняй Еўропы. Пры выкананні гэтых твораў выкарыстаныя інструменты, адпаведныя свайму часу.

Нагадаем, “Полацкі сшытак” – зборнік барочнай музыкі (навуковыя назвы “Астрамечаўскі рукапіс” ці “Рукапіс 127/56 Ягелонскай бібліятэкі”, сучасная архіўная сігнатура 10002). Пасля вайны з нямецкіх запаснікаў у Польшчу трапіў беларускі ўніяцкі служэбнік, які ў 1956 г. паступіў у Бібліятэку Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў). У вокладку гэтага служэбніка быў уклеены нотны рукапіс, які ў 1962 г. знайшоў беларускі прафесар Адам Мальдзіс. Даследаваў рукапіс польскі музыказнаўца Ежы Голас. З таго часу Е. Голас фігуруе ў энцыклапедыях як афіцыйны адкрывальнік рукапісу. Рукапіс быў складзены ў вёсцы Астрамечава на Брэстчыне, але належыў полацкаму Біскупу, таму атрымаў назву “Полацкі сшытак”. У наш час творы з “Полацкага сшытку” трывала ўвайшлі ў партытуры польскіх і нават нямецкіх музыкаў.

Акрамя танцаў з “Полацкага сшытку” ў альбом увайшлі таксама камерныя творы Валянціна Бакфаркі, Андрыяна ле Роя і танцы заходнееўрапейскага паходжання.



Паводле словаў лідэра гурта “Стары Ольса” Змітра Сасноўскага, граць канцэрт у Дзень закаханых для каманды робіцца традыцыяй, а сёлетняя прэзентацыя мае адбыцца цікавай: музыкі пакажуць публіцы новыя інструменты і паспрабуюць здзівіць сваіх прыхільнікаў незвычайнымі паводзінамі на сцэне.

Зміцер Сасноўскі: “ Будуць новыя інструменты, новыя аранжыроўкі… Мы чакаем нашага барабаншчыка – ён менавіта для гэтага канцэрта прыедзе са сваёй вайсковай часткі, дзе зараз служыць. Мы хочам пасадзіць яго на сцэну ў форме вайсковай. Такі сюрпрыз… Вельмі шмат людзей прыедзе з замежжа: беларусы з Чэхіі, напрыклад. Сюрпрызы будуць у нашых паводзінах на сцэне”.

Альбом “Дрыгула” выдадзены пры дапамозе “Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і падтрымцы Ірэны Каляды-Смірновай (кіраўніка беларускага дабрачыннага фонду “Этнічны голас Амерыкі”), кампаніі “БелПі” на лэйбле BMA-group.

Фота - з афіцыйнага сайта гурта