“Стары Ольса” зайграе “Полацкі сшытак”

Сольны канцэрт “Старога Ольсы”, запланаваны на 14 лютага ў Палацы прафсаюзаў, адбудзецца напярэдадні замежнага гастрольнага сезона гурта – паездкі на фестывалі і канцэрты між красавіком і кастрычнікам.

“Стары Ольса” рыхтуецца выканаць праграму, дзе будзе шмат танцаў са славутага “Полацкага сшытка”.

Такі рэпертуар невыпадковы. Літаральна 2 месяцы таму фактычны адкрывальнік “Полацкага сшытка” беларускі прафесар Адам Мальдзіс адзначыў сваё 75-годдзе.

Але ва ўсіх энцыклапедыях напісана, што гэты нотны рукапіс знайшоў, даследаваў і апісаў польскі музыказнаўца Ежы Голас.

На самой справе А.Мальдзіс падчас працы ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве заўважыў, што ў вокладцы уніяцкага служэбніка 17 ст. упрэсаваныя нотныя аркушы, але супрацоўнікі бібліятэкі не дазволілі беларускаму навукоўцу іх выняць, а потым запрасілі свайго – Ежы Голаса, які выняў і апісаў гэты рукапіс.

Паводле меркавання ўдзельнікаў гурта “Стары Ольса”, яны здолелі стварыць унікальнае спалучэнне твораў першай паловы 17 ст. і адпаведных эпосе інструментаў, што дазваляе выконваць “Полацкі сшытак” досыць аўтэнтычна.

Акрамя гэтага, на канцэрце 14 лютага адбудзецца першае выкананне многіх твораў, падрыхтаваных для запісу ў новым альбоме (запіс пачнецца праз месяц) – танцы і лютневыя творы беларускага і заходнееўрапейскага паходжання 15-17 стст.

У праграме таксама запланавана танцавальная падтрымка ад тэатра сярэднявечных мініяцюр “Яварына”.