Стаўкі мыта на аўтамабілі пакуль не мяняюцца

Стаўкі мыта на легкавыя аўтамабілі для фізічных асобаў будуць рэгуляваць у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам яшчэ год, да 1 ліпеня 2011 году, паведамляе БЕЛТА. Такім чынам, яны пакуль не трапляюць пад правілы Мытнага кодэксу Мытнага саюзу. Акрамя таго, да 1 ліпеня 2011 году ў Беларусі захоўваецца нацыянальны рэжым рэгулявання гандлю з трэцімі краінамі. Адпаведнае рашэнне замацавалі сёння ў часе саміта ЕўрАзЭС у Астане. Падпісаны Пратакол аб асобных часовых вынятках з рэжыму функцыянавання адзінай эканамічнай тэрыторыі Мытнага саюзу. Нагадаем, што Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстану пачынае дзейнічаць ад заўтра, 6 ліпеня. Далейшае вырашэнне пытання з мытнымі пошлінамі звязваюць з завяршэннем стварэння Адзінай эканамічнай прасторы. Дакументы па ёй падрыхтуюць да 1 студзеня 2011 году.