Стэфановіч: Не ведаю, дзе і што правярала пракуратура
Праваабарончы цэнтр "Вясна" не пацвярджае інфармацыю Генпракуратуры, што асобам, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ, забяспечаны доступ адвакатаў і сваякоў.
У прыватнасці, калі гаворка ідзе пра затрыманых па абвінавачванні ў арганізацыі "масавых беспарадкаў".
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч так пракаментаваў на сайце "Вясны" гэтую заяву пракуратуры: "Па-першае, на цяперашні момант не вядомыя выпадкі, калі б сваякі мелі спатканні з асобамі, якія знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ. Па-другое, адвакаты працягваюць скардзіцца ў органы пракуратуры на тое, што не маюць магчымасці спаткацца сам-насам з падабароннымі, як тое гарантуе ім Крымінальна-працэсуальны кодэкс".
Як патлумачыў юрыст "Вясны", адвакаты пакуль бачацца з падабароннымі толькі падчас допытаў. І, наколькі яму вядома, ні Міхалевіч, ні Саннікаў, ні Халіп, ні Някляеў, ні Радзіна — ніхто з іх не атрымліваў дазволу на спатканне з роднымі.
"Таму я не ведаю, дзе і што правярала пракуратура", — здзіўляецца праваабаронца.