The Stone Roses шукаюць прыхільнікаў

У прыхільнікаў The Stone Roses з'явіўся шанец зняцца ў новым «відэа» гурта.  Размова ідзе пра здымкі рэкламнага кліпа, прысвечанага перавыданню дэбютнага альбома калектыву. Абноўленая версія дыска з'явіцца ў крамах ужо ў жніўні гэтага года — акурат у 20-ю гадавіну выхаду арыгінальнага альбома, які стаў класікай «мэдчэсцерскай» хвалі.

Здымкі відэа адбудуцца 23 ліпеня ў Лондане. Для таго, каб патрапіць на здымачную пляцоўку, фэнам трэба будзе запоўніць нескладаную заяўку з указаннем поўнага імя, даты нараджэння і кантактнай інфармацыі — плюс прыкласці сваё каляровае фота (а то ці мала што!).

Перавыданне «The Stone Roses»  будзе падтрымана выпускам шэрагу сінглаў на вінілавых пласцінках. Акрамя таго, яны будуць распаўсюджвацца і ў лічбавым выглядзе праз інтэрнэт. Сінгл «Fools Gold» ужо атрымаў магутную падтрымку фэнаў праз сацыяльную сетку Facebook, што абяцае яму высокія пазіцыі ў чартах.

Нагадаем, што The Stone Roses распаліся ў 1996-м, праіснаваўшы 12 год і выдаўшы за гэты час два студыйныя альбомы. Нягледзячы на перманентныя чуткі пра магчымае ўз'яднанне, музыкі ў адзін голас запэўніваюць, што не збіраюцца зноў збірацца разам.

Фота: www.side-line.com